У Беларусь вярнуўся поліяміэліт? (фота дакумента)

“Поліяміэліт вярнуўся”, — вялікімі літарамі напісана на абвестках у мінскіх крамах. Няўжо адна з самых небяспечных інфекцыяў ХХ стагоддзя, якую ў Еўропе не бачылі з 2002 года, ізноў можа з’явіцца ў Беларусі? Весткай пра вяртанне поліяміэліту сустракае наведвальнікаў харчовая крама Sidis на вуліцы Жукоўскага. Ніжэй — два аркушы тэксту пра гэтую смяротную хваробу. Каб высветліць, ці сапраўды над Беларуссю навісла пагроза эпідэміі, мы найперш патэлефанавалі ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Кастрычніцкага раёна. Менавіта яго супрацоўнікі склалі абвестку.







“У Беларусі поліяміэліту пакуль няма, — супакоіў карэспандэнта Еўрарадыё загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра Рыгор Гецюк. — Але яго выбухі адбыліся ў Таджыкістане, а пасля яго прывезлі ў Расію. Спалучэнне паміж нашымі краінамі актыўнае, таму мы і распачалі засцерагальныя мерапрыемствы”.

Поліяміэліт ці, як яго яшчэ называюць, дзіцячы параліч — гэта вельмі заразная інфекцыя. Яна трапляе ў арганізм “элементарным шляхам” праз рот: з ежай, брудам і слінай. Таму крыніцай заражэння могуць быць не толькі людзі, але і садавіна, якая “прыехала” ў Беларусь з Таджыкістана:

“Каб не заразіцца, нічога асаблівага рабіць не трэба. Садавіну трэба памыць, — працягвае Рыгор Гецюк. — Складаней гэта зрабіць з сухафруктамі і гарэхамі, таму ў нас да іх асаблівыя патрабаванні. Гэта першае.

А па-другое, усіх дзяцей у Беларусі прышчаплялі супраць поліяміэліту. Памятаеце, можа, у школе ці ў садку — горкая кропля на язык. Калі чалавек прышчэплены — рызыка заражэння мінімальная”.

Тое самае і ў дачыненні да кантактаў з людзьмі:

Рыгор Гецюк: “Калі не будзеце з таджыкамі цалавацца ўзасос, прабачце за такі прыклад, ці пальцы аблізваць пасля паціскання рукі — заразіцца будзе вельмі складана. Вірус можа трапіць у ваш арганізм, але калі вы прайшлі прышчэпку — вірус там папросту не разаўецца”.

Паводле словаў Рыгора Віктаравіча, прышчэпкі ў Беларусі не перапыняліся, нягледзячы на тое, што ў Еўропе вірус поліяміэліту з 2002 года лічыцца пераможаным. Гэта значыць — не сустракаецца ў дзікай прыродзе. Але сёлета выбух інфекцыі адбыўся ў Таджыкістане, які Сусветная арганізацыя аховы здароўя таксама адносіць да Еўрапейскага рэгіёна.

Рыгор Гецюк:
“У Таджыкістане праз цяжкае матэрыяльнае становішча абавязковыя прышчэпкі, відаць, адмянілі. І таму там адбыўся выбух хваробы. Увогуле ж поліяміэліт найбольш распаўсюджаны ў Афрыцы, дзе ўзровень жыцця самы нізкі”.



Засцерагчыся поліяміэліту дапаможа асцярожнасць у кантактах з людзьмі і элементарная гігіена. Трэба мыць рукі і сачыць за чысцінёй садавіны і сухафруктаў, якія трапляюць на стол. Натуральна, каб беларусы надалі больш увагі прафілактыцы інфекцыі, іх вырашылі напужаць: поліяміэліт вяртаецца! І гэта правільна. Бо калі ён сапраўды вернецца, спецыяльна пужаць людзей ўжо не спатрэбіцца: напужаюцца самі.


Даведка Еўрарадыё. Поліяміэліт (ад старажытнагрэцкага πολιός — “шэры” і µυελός — “спінны мозг”) — дзіцячы спіннамозгавы параліч. Вострае інфекцыйнае захворванне, абумоўленае паражэннем шэрага рэчыва спіннага мозгу поліявірусам. Характарызуецца паталогіяй нервовай сістэмы. Інфекцыя перадаецца ад чалавека чалавеку. Распаўсюджаныя наступствы паліяміэліту: скалечаныя канечнасці, частковы ці поўны параліч. Можа прывесці да смерці хворага.

На фота: прышчэпка супраць поліяміэліту.
Фота: www.apteka.uz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі