У Беларусі могуць знікнуць тэлеканалы Discovery, MTV і National Geographic?
У Беларусі днямі можа быць падпісаны закон аб стварэнні адзінага дзяржаўнага распаўсюджвальніка замежных тэлеканалаў. Па звестках “Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза” адпаведны дакумент ужо падрыхтаваны Міністэрствам інфармацыі. У самім ведамстве гэтыя звесткі не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.
“Я не буду вам гэта каментаваць. І хто можа, таксама не падкажу”, — заканчвае размову Вікторыя Мялешка, начальнік упраўлення прававой і кадравай работы Мінінфармацыі.
Калі чуткі пра новы закон і яго падпісанне да канца года пацвердзяцца, то тэлекамунікацыйны рынак Беларусі радыкальна зменіцца. Два дзясяткі дыстрыб’ютараў, якія сёння распаўсюджваюць замежныя каналы, знікнуць. Збанкрутуюць многія дробныя аператары, якія абслугоўваюць спажыўцоў кабельнага тэлебачання.
Зразумела, сітуацыя можа закрануць і кожнага беларуса. У краіне, апроч нашых, застануцца толькі расійскія каналы і дробнанішавыя еўрапейскія.
Чаму замежныя брэнды проста сыдуць з нашага рынка
У “Тэлекамунікацыйным галіновым саюзе” сцвярджаюць, што атрымалі інфармацыю пра новы законапраект ад кампетэнтных крыніц, якія выклікаюць давер.
Старшыня праўлення ТГС Алена Клюйкова акрэслівае наступствы магчымага падпісання закона. І самая глабальная праблема — з’яўленне адзінага дзяржаўнага дыстрыб’ютара, які будзе распаўсюджваць замежныя каналы.
“Справа ў тым, што буйныя кампаніі, як Discovery, Sony, Universal, National Geographic і многія іншыя, не працуюць з дзяржаўнымі дыстрыб’ютарамі. Гэта прапісана у іх сатутных дакументах”, — тлумачыць Клюйкова.
Другая праблема: калі кампанія прасоўвае тэматычныя каналы (напрыклад, пра прыроду ці спорт), яна адмаўляецца ад дыстрыб’ютара, які ўжо падпісаў дамову з канкурэнтамі. Іначай можа адбыцца зліў інфармацыі пра коштавую, рэкламную і маркетынгавую палітыку канкуруючай кампаніі.
Сітуацыя выглядае, як перадзел рынка, нібы нехта яго пад сябе падграбае.
Старшыня праўлення ТГС пералічвае і іншыя наступствы. Калі многія папулярныя каналы знікнуць з тэлекамунікацыйнага рынка, абаненты пачнуць адключацца ад кабельных аператараў. Кампенсаваць знікненне можна будзе толькі ростам тарыфаў. Але па людзях ударыў эканамічны крызіс. Пра сур’ёзнае павышэнне тарыфаў гаворкі не вядзецца. Працаваць стане нерэнтабельна. Да таго ж, многія аператары два гады таму закуплялі лічбавае абсталяванне, збольшага — за валюту. Гэтыя ўкладанні пакуль ніхто не акупіў. Калі новы закон сапраўды з’явіцца, сітуацыя дойдзе да таго, што большасць кабельных аператараў знікне.
Падрыхтоўка для інфармацыйнай вайны ці перадзел рынка?
Сярод іншага абмяркоўваюць, што ідэя стварэння адзінага дыстрыб’ютара — гэта спроба ўзяць усе замежныя тэлеканалы пад кантроль. Такім чынам дзяржава нібыта рэагуе на вайну ва Украіне, дзе негатыўную ролю сыгралі расійскія тэлеканалы і іх прапаганда. Аднак Алена Клюйкова датычна гэтай версіі выказваецца скептычна.
“Год таму была падпісаная новая рэдакцыя закона аб СМІ. Аператараў электрасувязі прыраўнялі ў правах і абавязках да пастаўшчыкоў. Таму механізмаў, каб уключаць, выключаць, прыбіраць у дзяржавы процьма. У гэтым плане ўжо ўсё зроблена. Таму сітуацыя выглядае, як перадзел рынка, нібы нехта яго пад сябе падграбае”, — аналізуе Клюйкова.
Эксперт падкрэслівае, што магчымыя змены супярэчаць закону “Аб сродках масавай інфармацыі”, дзе манапалізацыя СМІ забароненая.
Тэлекамунікацыйны галіновы саюз звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, МЗС і Савет міністраў са зваротам, каб не дапусціць зменаў у заканадаўстве.
Фота tos-by.com і k-dramaland.com