У брастаўчан перад прыездам Лукашэнкі адбіраюць зброю
Напярэдадні святкавання 100-годдзя Брэста ў гараджан канфіскоўваюць зброю. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку напісаў мясцовы блогер Сяргей Пятрухін.
Па яго словах, адна з жыхарак Брэста напісала, што ёй затэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і паведаміў пра неабходнасць апячатаць сейф, у якім яе муж захоўвае паляўнічую стрэльбу. Жанчына сказала, што знаходзіцца на лецішчы і прыехаць не можа. У адказ яна пачула, што ў такім разе апячатаюць яе кватэру і туды будзе нельга заходзіць да 9 верасня.
"Я патэлефанавала дзяжурнаму Маскоўскага раёна горада Брэста, і ён пацвердзіў — да 8-й раніцы ўся гладкаствольная зброя павінна быць часова канфіскаваная, а наразная апячатана", — распавяла брастаўчанка.
У прэс-службе МУС журналістам TUT.by пацвердзілі, што напярэдадні свята ў брастаўчан вырашылі забраць гладкаствольную зброю, а наразную — апячатаць. Па словах афіцыйнай прадстаўніцы МУС Вольгі Чамаданавай, гэта робіцца для бяспекі грамадзян падчас масавых мерапрыемстваў.
6-8 верасня ў Брэсце будуць святкаваць 1000-годдзе горада. У адзін з дзён тут чакаюць кіраўніка дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.