У Брытаніі назвалі прычыну атлусцення — шакаладкі на касах супермаркетаў

Год таму брытанцаў прызналі самымі тлустымі ў Заходняй Еўропе: больш за чвэрць жыхароў Вялікабрытаніі церпяць ад атлусцення. І вось нядаўна нібыта знайшлі прычыну праблемы. Ва ўсім вінавацяць… шакаладныя батончыкі ў перадкасавай зоне супермаркетаў.

“Ураду будзе прапанавана разгледзець забарону на продаж “нездаровай ежы” перад касамі ўніверсамаў, бо, згодна з даследаваннямі, 90% пакупнікоў лічаць, што такая практыка спрыяе развіццю атлусцення”, — піша The Independent.

Кожны ведае па сабе, як часам хочацца пасля працяглага шопінгу папесціць сябе шакаладкай ці цукеркай, што вісіць на самой касе. Вось і вынікі брытанскага даследавання кажуць, што 83% брытанцаў падвяргаліся “чаплянням” дзяцей і 75% з іх у выніку набывалі малым нездаровую ежу, каб тыя супакоіліся.

Супермаркеты крытыкуюцца за невыкананне сваіх абяцанняў змяніць спосаб продажу кандытарскіх вырабаў пасля незалежнага расследавання Харчовай Камісіі ў 2003 годзе.

Тым часам лекары працягваюць пужаць: за апошняе дзесяцігоддзе ў Англіі і Уэльсе ў 4 разы павялічылася колькасць шпіталізацыі дзяцей у сувязі з атлусценнем. Хіба таму ў Уэльсе ўсур’ёз узяліся за праблему.

“Напоі з вялікім утрыманнем цукру, шакалад, цукеркі і “эканомныя гамбургеры” забаронены ва ўсіх дзяржаўных школах Уэльса з верасня”, — адзначаецца ў артыкуле Daily Post. — Смажаная бульба можа падавацца толькі два разы ў тыдзень, а соль будзе выдалена з меню, бо такім чынам валійскі ўрад прапагандуе здаровае харчаванне і вырашэнне праблемы растучага атлусцення ў Уэльсе”.

Цікава, што наперадзе брытанцаў у рэйтынгу самых тлустых еўрапейцаў толькі венгры. А найменш за ўсё пакутуюць ад атлусцення ў Італіі, і Румыніі. Прыстойна выглядае і сітуацыя ў Францыі. Толькі чаму, гадаюць навукоўцы, бо брытанцы ядуць не больш насычаных тлушчаў, чым тыя ж французы. Мяркуецца, што апошніх ратуе ад сардэчных прыступаў… алкаголь, і любоў да чырвонага віна. Увогуле ж, хуткім часам смяротнасць, звязаная з залішняй вагой, можа абагнаць нават смяротнасць з-за курэння. Здавалася б, нават голад цяпер не такі страшны, як атлусценне. “Аль-Джазіра” піша:

“У той час як дзіцячае недаяданне было фактарам рызыкі нумар адзін ранняй смерці ў 1990 годзе, цяпер яно займае восьмае месца – ніжэй, чым атлусценне”.

Калі глядзець на нашу краіну, то з залішняй вагой і атлусценнем сутыкнуліся 55% беларусаў. Як і ў Уэльсе, у беларускіх школах забаранілі продаж газіроўкі і чыпсаў.

Увогуле ж, да самых “тлустых” краін свету акрамя вышэйзгаданай Вялікабрытаніі адносяць яшчэ ЗША і ААЭ. А калі гаворка ідзе пра краіны СНД, то яны маюць сярэднееўрапейскі паказчык: тут ад атлусцення і залішняй вагі пакутуюць 52-55% насельніцтва. Прычым часцей з праблемай сутыкаюцца жанчыны.

Па статыстычных дадзеных, праз 2 гады ў свеце будзе 2,3 мільярда чалавек з залішняй вагай і 700 мільёнаў – з атлусценнем.

Фота: theconversation.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі