У цэнтры Мінска не будзе бясплатных парковак нават для мясцовых жыхароў
А праца святлафораў будзе прывязаная да раскладу аўтобусаў і затораў на МКАД.
Мэр Мінcка Андрэй Шорац у эфіры канала “АНТ” распавядае пра намер абмежаваць колькасць аўтамабіляў у цэнтры сталіцы
“Можна заўважыць, што мы паступова робім цэнтр горада платным, гаворка вядзецца менавіта пра платныя паркоўкі, — тлумачыць старшыня Мінгарвыканкама. — Для якіх плануем уводзіць сучасныя сістэмы аплаты: праз інтэрнэт-банкінг, SMS, электронныя карты, праз аператара. І паступова мы будзем пашыраць гэты цэнтр, каб стымуляваць ехаць у цэнтр на грамадскім транспарце, ці, можа, на роварах”.
Ужо да канца 2016 года ў межах першага транспартнага кальца не застанецца бясплатных парковак. Прычым, ні для жыхароў суседніх дамоў, ні для офісных супрацоўнікаў ніякіх зніжак не плануецца. Усё гэта і робіцца, каб на працу людзі не ездзілі на ўласных машынах. А ў мясцовы жыхароў ёсць дваравая тэрыторыя, за якую адказваюць ЖЭСы.
“Безумоўна, людзі будуць шукаць бясплатныя месцы і, хутчэй за ўсё, у дварах, — агучвае праблему кіраўнік дзяржаўнай установы “Паркоўкі сталіцы” Аляксандр Буйко. — Двары ў цэнтры і так забітыя, а будзе яшчэ горш! Мы, натуральна, прагназуем такі эфект, але не маем права ўлазіць у двары, ставіць там шлагбаўмы і г.д. Я разумею, што гэтае пытанне трэба вырашаць комплексна, але пакуль наша супрацоўніцтва з ЖЭС-амі да такога ўзроўню не дайшло”.
Па словах Андрэя Шораца, жыхары сталіцы не вельмі жадаюць мяняць звычкі. Нават тры перахопліваючыя паркінгі на ўездзе ў горад (ва Уруччы, на вул. Напалеона Орды і вул. Радыяльнай), карыстаюцца попытам толькі на 10%. І гэта нягледзячы на тое, што гадзіна на такой паркоўцы каштуе толькі 500 рублёў, то бок за працоўны дзень набягае максімум 5000.
“Мы вывучалі досвед Масквы, Пецярбурга, выязджалі ў Кітай, — працягвае дзяліцца планамі старшыня “Мінгарвыканкама”. — Цяпер з кітайскімі кампаніямі распрацоўваем інтэлектуальна-транспартную сістэму для Мінска, якая дазволіць разгрузіць як цэнтр горада, так і кальцавую дарогу”.
Як даведалася Еўрарадыё, пакуль дакладна не вызначана, хто будзе ствараць гэтую сістэму. Але адна з такіх тэхналогій — падсістэма кантролю інцыдэнтаў і маршрутнага арыентавання — ужо тэсціруецца на ўчастку кальцавой дарогі ў раёне Партызанскага праспекта.
“Гэта ідэнтыфікацыя любых інцыдэнтаў кшталту ДТЗ, заторавых сітуацыі, выхаду пешахода на дарогу, выпадзення снегу і г.д., — тлумачыць карыснасць кітайскай распрацоўкі кіраўнік аддзела тэхнічных служб і сістэм ДАІ Зміцер Навой. — Напрыклад, ДТЗ, кіроўцам прыходзіць інфармацыя праз электронныя табло ці з дапамогай праграм для смартфонаў, ці на бартавы навігатар — “спераду затор, аб’едзьце”. І ў гэты ж час сістэма кіравання святлафорамі пачне размяркоўваць увесь паток машын, каб не ўзнікала затораў на з’ездзе са МКАД”.
Відэаназіранне за масавым зборам грамадзян, нашумелы Белтол, фіксацыя парушэнняў на дарогах, кіраванне святлафорамі, кіраванне парковачнай прасторай, сістэма кіравання грамадскім транспартам і шмат іншых рэчаў паступова будуць інтэграваныя ў адну агульную сістэму. Адным з самых прыемных новаўвядзенняў стане аб’яднанне кіравання святлафорамі і дыспетчарскага кіравання транспартам.
“Аўтобусы ўжо абсталяваныя GPS, — апісвае хуткія змены Зміцер Навой. — Час яго прыбыцця паказваецца на інфармацыйных табло на прыпынках. Але гэты час пакуль без уліку стаяння на святлафорах. А калі сістэмы будуць інтэграваныя, то, напрыклад, аўтобус спазняецца на прыпынак і паведамляе пра гэта сістэме кіравання святлафорамі. А тая аўтаматычна падладжваецца пад рух аўтобуса і недзе падаўжае гарэнне зялёнага, ці арганізуе аўтобусу “зялёную хвалю”. Такім чынам аўтобус заўсёды прыходзіць на прыпынак учас і пасажыры дакладна ведаюць, калі ён пад’едзе”.
Яшчэ адно новаўвядзенне можна будзе назіраць у месцах, дзе трамвайныя шляхі перасякаюць дарогу. Каб аўтамабілі не стаялі на чырвоным святле проста так, на трамваі будзе ўсталяваны перадатчык, а на святлафоры прымальнік. Такім чынам чырвонае будзе загарацца толькі ў тым выпадку, калі трамвай будзе пад’язджаць да скрыжавання, у астатні час будзе гарэць толькі зялёнае.