У чарговага беларускага банка — праблемы
Нацбанк прыпыніў дзеянне ліцэнзіі Норд Еўропеан Банка на шэраг банкаўскіх аперацый.
Нацбанк прыпыніў да 17 верасня 2015 года дзеянне ліцэнзіі ЗАТ "Норд Еўропеан Банк" на ажыццяўленне шэрагу банкаўскіх аперацый, паведамляе сайт галоўнага банка Беларусі.
Прычынай для гэтага называюцца невыкананне лiцэнзiйных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу банка, няпэўнасць перспектыў па яго нарошчванні, а таксама невыкананне іншых ліцэнзійных патрабаванняў.
У прыватнасці, "Норд Еўропеан Банк" пакуль не можа прыцягваць грашовыя сродкі юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты); адкрываць і весці банкаўскія рахункі юрыдычных асоб (за выключэннем вядзення раней адкрытых банкаўскіх рахункаў юрыдычных асоб), ажыццяўляць разліковае і касавае абслугоўванне фізічных асоб, давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі, а таксама фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу).
Пры гэтым працягваюць дзейнічаць усе дамовы, заключаныя раней. Але новыя дамовы, якія закранаюць прыпыненую ліцэнзію, банку заключаць забаронена.
Нагадаем, што апошнім часам Нацбанк праяўляе актыўнасць ва ўпарадкаванні спраў у банкаўскай сферы. Так, "Дэльта Банк" быў прызнаны банкрутам, яшчэ ў некалькіх банкаў прыпыненая ліцэнзія.
Фота — infobank.by