У магілёўскага пенсіянера ў аўтобусе з-пад вопраткі выпаў абрэз
Кур'ёзны выпадак здарыўся 15 снежня ў Магілёве ў гарадскім аўтобусе №8, паведамляе прэс-служба МУС. Калі аўтобус ад'ехаў ад прыпынку "Вуліца Астроўскага", у пенсіянера з-пад вопраткі выпаў абрэз стрэльбы.
На здарэнне адрэагавалі два пасажыры: мужчына падабраў зброю, а непаўналетні хлопец затэлефанаваў у міліцыю. Усе яны выйшлі з транспарту на бліжэйшым прыпынку. Пасажыр з абрэзам пайшоў у двары (пазней высветлілася: ён планаваў перадаць знаходку праваахоўнікам), а пенсіянер і падлетак пайшлі за ім. Пры гэтым юнак заставаўся на тэлефоннай сувязі з дзяжурным міліцыянтам і паведамляў пра маршрут.
Мужчына перадаў зброю бліжэйшаму нараду Дэпартамента аховы МУС. На той час гаспадар абрэза ўжо ехаў дадому, не жадаючы звязвацца з міліцыяй. Але яго асобу выявілі ўжо праз некалькі гадзін. Зрабіць гэта ўдалося з дапамогай мабільніка, які аператыўнікі знайшлі пры аглядзе салона аўтобуса.
Уладальнікам зброі выявіўся 74-гадовы магілёвец. Мужчына паведаміў, што набыў абрэз каля 30 гадоў таму на гарадскім рынку ў незнаёмца. Зброя захоўвалася ў вёсцы, гаспадар перыядычна хадзіў з абрэзам на паляванне. Цяпер ён хацеў перавезці абрэз у кватэру.
У сельскім доме магілёўца таксама знайшлі патроны і порах.
Цяпер абрэз адпраўлены на экспертызу. Ад яе вынікаў будзе залежаць, да якой адказнасці прыцягнуць пенсіянера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.