У Малдове тэсты на ВІЧ прадаюць у аптэках, у Беларусі — “ідуць да гэтага"
Два гады таму такія тэсты з’яўляліся і ў беларускіх аптэках, але пасля зніклі. Тады чыноўнікі казалі, што “людзі яшчэ не гатовыя да саматэставання”.
“Пашырэнне экспрэс-тэставання — рэкамендацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. З дапамогай экспрэс-тэстаў мы сёння вывучаем распаўсюджанасць ВІЧ сярод груп высокай рызыкі. Свабоднага продажу тэстаў у аптэках сёння няма, але і забароны прадаваць няма”, — тлумачаць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Сапраўды, сёння набыць экспрэс-тэст на ВІЧ можна праз інтэрнэт за 39 рублёў. А хутка, як даведалася Еўрарадыё, такія тэсты могуць з’явіцца і ў беларускіх аптэках таксама.
“Мы бачым больш талерантнае стаўленне да ВІЧ-пазітыўных людзей, больш талерантнае стаўленне да самога дыягназу. Бо ёсць лекі, якія дазваляюць людзям доўга захоўваць сваё здароўе, працаваць. Мы сыходзім ад стэрэатыпаў, ад страхаў. Таму хутка прыйдзем і да продажу ў аптэках”, — дадаюць у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Па інфармацыі Еўрарадыё, над адпаведнымі дакументамі ўжо працуюць у Міністэрстве аховы здароўя.
Яўген Спявак са Светлагорска жыве з ВІЧ ужо 19 гадоў, ён кансультуе тых, хто даведаўся пра такі дыягназ у паліклініцы.
“Экспрэс-тэсты патрэбныя, але не для аптэчнай сеткі. Ці гатовае грамадства, бо многія людзі, нават падазраючы, што ў іх ВІЧ, не ідуць здаваць аналізы, мяняюць працу, каб толькі не ісці да лекараў. Такім людзям стане прасцей пацвердзіць сабе, што дыягназ ёсць, і ўсё! Зашыцца дома”.
У звычайнай паліклініцы журналісту Еўрарадыё без праблем прапанавалі зрабіць тэст на ВІЧ:
“Прыходзьце ў любы дзень акрамя пятніцы, аналіз бясплатны і ананімны”, — і ніякіх чэргаў.
На 2015 год у Беларусі было 19,6 тысячы ВІЧ-іфнекаваных. У Малдове, дзе ў аптэках прадаюць тэсты, — 9,5 тысяч. Насельніцтва Малдовы ўтрая меншае, таму сітуацыя там горшая.
За паўгоддзе сёлета ў Мінску зарэгістравалі 321 выпадак ВІЧ-інфекцыі. Сярэдні ўзрост тых, хто захварэў — 34 гады.