У мінскіх крамах з'явілася крымскае віно, "зробленае ў Расіі" (фота)

"Вядома ж, Беларусь не будзе пратэставаць, што гэта парушэнне міжнародных законаў, закона аб міжнародным гандлі і гэтак далей. Мы афіцыйна не прызналі Крым расійскай тэрыторыяй. Ну, гэта, як кажуць, жывём па паняццях. А паняцці такія, што Беларусь застаецца саюзнікам Расіі і ніякіх пратэстаў тут і ў тэорыі быць не можа", — выказвае меркаванне доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

У Мінгандлю Еўрарадыё тлумачаць, што не змешваюць эканоміку з палітыкай, і калі Беларусь не прызнала нейкую краіну, то ад гэтага не залежыць імпарт тавараў. Проста прадпрыемства "Масандра" змяніла сваю прыналежнасць, а ўсё іншае засталося як раней, кажуць чыноўнікі міністэрства.

У кампаніі "Продтавары", якая імпартуе віно з Крыма ў Беларусь, патлумачылі, што маюць ўсе дакументы, якія дазваляюць увозіць віно як расійскі прадукт. І таксама не хочуць улазіць у палітычныя пытанні.

"Мы не хочам умешвацца ў палітычныя пытанні, але ёсць кансультацыя Мытнага камітэта, калі груз прыбывае на тэрыторыю Беларусі з Расіі з адсутнасцю заяўленага рэжыму транзіту па тэрыторыі Расіі, то ў нас няма падставаў сумнявацца ў тым, што гэты тавар расійскі. Калі Расія дазволіла рухацца па сваёй тэрыторыі грузу без заяўлення рэжыму транзіту, то тут пытанняў ніякіх няма. Сёння "Масандра" прадстаўляе сертыфікат паходжання, які пацвярджае, што тавар выраблены на тэрыторыі РФ. Для нас асноватворным дакументам з'яўляецца сертыфікат паходжання тавару, выдадзены гандлёвапрамысловай палатай Расіі".

Цяпер "Масандра" — гэта расійскі прадукт, а з Расіяй у нас Мытны саюз. Здавалася б, вядомы ўкраінскі партвейн павінен патаннець. Але імпрацёры кажуць, што з-за павышэння попыту на крымскае віно ў Расіі і зменаў у лагістыцы кошты могуць наадварот павысіцца.

"На сённяшні дзень у нас у Беларусі коштаўтварэнне абсалютна не змянілася. І адпаведна, затраты толькі павялічыліся, таму што лагістыка стала даражэйшай за кошт аб'езду Украіны".

Цікава, што па расійскіх законах віно мацаванае спіртам (акрамя віннага), лічыцца вінным напоем. А "Масандра" акурат працуе па такой тэхналогіі. Пакуль жа прадпрыемства маркіроўку не мяняла.

Штогод прадпрыемства прадавала 4,5 мільёна бутэлек ва Украіне, каля 6 мільёнаў за мяжой, з іх каля 90% — у Расію. Цяпер украінскі і еўрапейскі напрамкі для прадпрыемства зачыненыя.

Адна і тая ж бутэлька з розных бакоў. Віно разлітае да крымскага рэферэндуму, але этыкетку ззаду ўжо паспелі замяніць на расійскую.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі