У Мінску па вуліцы бегаў лось і трапіў пад колы маршруткі (фота)
У Мінску па вуліцы бегаў лось і трапіў пад колы маршруткі. Здарэнне адбылося каля 6-й гадзіны раніцы 23 чэрвеня на вуліцы Аэрадромнай. Як паведаміла агенцтву "Мінск-навіны" старшы інспектар ДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы Вікторыя Царук, Mercedes Sprinter ехаў з боку праспекта Жукава ў накірунку вуліцы Чкалава. Калі жывёла выбегла на праезную частку, кіроўца не змог пазбегнуць сутыкнення. Лось атрымаў траўмы і з месца здарэння збег. Кіроўца не пацярпеў. Адзначаецца, што ў момант ДТЗ пасажыраў у маршрутцы не было.
Лось пабег у двары дамоў па вуліцы Караткевіча. Пасля апынуўся на вуліцы Брылеўскага, адкуль накіраваўся на вуліцу Казінца. ДАІ накіравала на месца здарэння дадатковыя экіпажы, каб знайсці жывёлу і абмежаваць рух у раёне яго перамяшчэння, каб не было новых ДТЗ. Паранены лось праз нейкі час выбіўся з сіл і лёг. На месца прыбылі спецыялісты Дзяржінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету. Яны і вырашаць далейшы лёс жывёлы, якая завітала ў сталіцу.