У Мінску з’явіцца гурток для дарослых праграмераў?
Ініцыятар стварэння “Хакерспэйса” Яўген распавёў, навошта аматарам камп’ютара адмысловае месца для сустрэч.
Поўную версію размовы з Яўгенам можна паслухаць тут 120222 YaugenS.mp3
Еўрарадыё: Вы верыце, што людзей, прывязаных да камп’ютара, можна будзе выцягнуць з іх працоўных месцаў у нейкі "спэйс"?
Яўген: Веру. "Хакерспэйс" — не толькі для праграмістаў, але і для радыёаматараў, для канструктараў, што нешта майструюць па дрэве, па метале. Гэта для тых, каму можа быць цесна займацца гэтым у сваіх кватэрах. Я ў дзяцінстве займаўся ў радыёгуртку. Школьнікі займаліся кожны сваёй справай, майстравалі, досведам дзяліліся. З тае пары ў мяне адчуванне, што чагосьці не хапае. У нас ёсць гурткі для дзяцей, а гуртку для дарослых няма.
Еўрарадыё: Туды будуць прыходзіць людзі са сваімі ноўтбукамі ды моўчкі перапісвацца з кімсьці ў сацыяльных сетках?
Яўген: (Смяецца.) Не. Вось у суботу збіраюцца карыстальнікі свабоднага праграмнага забеспячэння. Калі вы прыйдзеце на гэтую сустрэчу, вы ўбачыце, што людзі і спрачаюцца, і размаўляюць. Гэта не тыя людзі, якія будуць толькі сядзець, утыкаючыся ў свае ноўтбукі, бо гэта не толькі ноўтбук, але і абмен досведам.
Еўрарадыё: Ці разглядаюцца варыянты месца для новага "Хакерспэйса"?
Яўген: Гэта ўсё яшчэ пакуль на ўзроўні ідэі. На мінулым тыдні я толькі падняў гэтую тэму сярод карыстальнікаў свабоднага праграмнага забеспячэння. За тыдзень мы больш-менш узгаднілі, якое павінна быць памяшканне: нейкая майстэрня недалёка ад цэнтру горада.
Еўрарадыё: Як часта людзі будуць сустракацца?
Яўген: Калі глядзець на падобныя праекты за мяжой, то "спэйс" функцыянуе як клуб, у які кожны з яго ўдзельнікаў можа прыйсці ў любы час. Некаторыя дні могуць быць выдзеленыя пад канкрэтныя тэмы. Часам могуць праводзіцца мерапрыемствы. Гэта будзе “тэхнічнае” месца.
Фота: youcoop.org