У расійскім горадзе Краснадар затрымалі 39 грамадзян Турцыі

У расійскім горадзе Краснадар затрымалі 39 грамадзян Турцыі

У расійскім горадзе Краснадар затрымалі 39 грамадзян Турцыі. Іх абвінавачваюць у парушэнні міграцыйнага заканадаўства. Як інфармуе meduza.io, туркі ўдзельнічалі ў аграпрамысловай выставе на Кубані, яны шукалі новых бізнэс-партнёраў, рэкламавалі сваю прадукцыю. Аднак высветлілася, што ў Расію яны патрапілі па турыстычных візах, а не па дзелавых.

Самі затрыманыя сцвярджаюць, што гэта расійскія мытнікі параілі ім пры ўездзе напісаць, што яны турысты. Тым не менш, вельмі верагодна, што туркаў дэпартуюць, а перад тым аштрафуюць.

Нагадаем, адносіны Расіі і Турцыі рэзка пагоршыліся 24 лістапада, калі турэцкія знішчальнікі збілі расійскі бамбардзіроўшчык Су-24. Турэцкі бок сцвярджае, што гэта адбылося над турэцкай тэрыторыяй, расійскі — над сірыйскай і што самалёт не парушаў турэцкую мяжу. У выніку загінуў камандзір самалёта, а таксама марскі пехацінец, які ўдзельнічаў у ратавальнай аперацыі. Штурмана, які катапультаваўся, удалося выратаваць.

Уладзімір Пуцін паабяцаў, што Турцыя атрымае "адэкватны адказ", але не ваенны. І вось у Расіі пачаліся татальныя праверкі турэцкіх прадуктаў, грузы з Турцыі затрымліваюць на мытні. Магчыма, Масква пойдзе на зварочванне сумесных інвестыцыйных праектаў з Турцыяй. Расійскія турыстычныя кампаніі спынілі продаж пуцёвак у Турцыю.

Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі