У Турцыі працягваюцца пошукі беларускі і яе дзіцяці
Кахраманмараш пасля землятрусу / Reuters
Пасольства Беларусі ў Турцыі ўдакладніла інфармацыю пра загінулых у Турцыі падчас землятрусу беларусаў у горадзе Кахраманмараш. Напярэдадні з'явіліся даныя пра гібель грамадзянкі Беларусі разам з мужам і дзецьмі — 11-гадовым сынам і 4-гадовай дачкой. Дыпламаты паведамляюць, што пошукі беларускі і яе малога дзіцяці працягваюцца — разбіраюцца завалы. Муж грамадзянкі Беларусі, грамадзянін Турцыі, і яшчэ адно дзіця загінулі, паведамляе БЕЛТА.
Магутны землятрус з магнітудай 7,7 адбыўся 6 лютага. Ён закрануў паўднёвыя рэгіёны Турцыі і паўночна-заходнюю Сірыю. Толькі ў Турцыі, паводле афіцыйных даных, загінулі больш за 12 тысяч чалавек, а пацярпелі амаль 63 тысячы.
У сераду пасольства Беларусі ў Турцыі паведамляла, што пасля землятрусу не мае сувязі з чатырма беларусамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.