У турме ў Жодзіне пачаўся новы суд над Сяргеем Ціханоўскім

Святлана Ціханоўская з партрэтам мужа-палітвязня / https://twitter.com/Tsihanouskaya
Святлана Ціханоўская з партрэтам мужа-палітвязня / https://twitter.com/Tsihanouskaya

14 лютага ў Жодзіне пачаўся новы суд над палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім. Яго абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмы". Як піша ria.ru, пасяджэнне выязное — праходзіць непасрэдна ў турме.

Па версіі следства, Ціханоўскі падчас адбыцця пакарання нібыта "сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі". За гэта ён "неаднаразова падвяргаўся спагнанням".

Сяргей Ціханоўскі — блогер, які ў 2020 годзе хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, але яго да выбараў не дапусцілі (тады вылучыла сваю кандыдатуру Святлана Ціханоўская). Ён знаходзіцца за кратамі з канца траўня 2020-га. У снежні 2021-га Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў "арганізацыі масавых беспарадкаў" і "перашкаджэнні ажыццяўленню выбарчых правоў". Праваабаронцы прызналі блогера палітвязнем.

У следчую турму №8 у Жодзіне Сяргея Ціханоўскага этапавалі 18 жніўня 2022-га ў яго дзень народзінаў з калоніі №15 у Магілёве (яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады). І адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар, дзе ён правёў два месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі