У Вене будуць абмяркоўваць Беларусь — тут чакаюць з візітам кіраўніка МЗС Расіі

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў і канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц​ / Reuters
Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў і канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц​ / Reuters

Сітуацыя ў Беларусі можа стаць адной з тэм перамоваў расійскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова з кіраўніцтвам Аўстрыі, паведамляе ТАСС.

У сераду пачынаецца двухдзённы візіт Лаўрова ў Вену. Запланаваныя яго сустрэчы з федэральным канцлерам Себасцьянам Курцам і кіраўніком МЗС Аляксандэрам Шаленбергам.

Шаленберг быў учора ў Вільні і казаў аб неабходнасці ўвядзення новых санкцый ЕС у дачыненні да Мінска. Аўстрыйскі міністр падтрымаў пазіцыю Літвы, якая мяркуе, што да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы датычны афіцыйны Мінск, і што ЕС павінен адрэагаваць на гэтую сітуацыю.

"Нашы меркаванні супадаюць", — заявіў у Вільні Шаленберг. Ён нагадаў, што ў чэрвені ЕС увёў супраць Беларусі пакет санкцый "у сувязі з паветраным пірацтвам, але, замест таго каб спыніцца, Лукашэнка пайшоў на яшчэ большую эскалацыю". Таму патрэбныя новыя меры ўздзеяння, "мы павінны шукаць новыя санкцыі ЕС", — сказаў Шалленберг.

Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс са свайго боку распавёў, што Вільня накіравала ў Брусэль спіс кампаній і беларускіх фізічных асоб, якія, паводле звестак літоўскіх уладаў, датычныя да арганізацыі нелегальнай міграцыі. Вільня прапануе ўвесці супраць іх санкцыі.

Нагадаем, сёлета колькасць нелегальных мігрантаў на літоўска-беларускай мяжы вырасла ў параўнанні з мінулым годам у дзясяткі разоў. У 2020 годзе было спынена каля 80 чалавек, у гэтым — ужо больш за 4 тысячы. З такой жа праблемай сутыкнуліся ў Латвіі і Польшчы. Пасля таго як улады гэтых краін перасталі прымаць у сябе мігрантаў і сталі вяртаць іх у Беларусь, Аляксандр Лукашэнка даў указанне сваім сілавым структурам не пускаць мігрантаў назад.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі