Уцякач з Чачні: Гэта была 39-я спроба трапіць у Польшчу, але дадому не вярнуся
Вакзал “Брэст-Цэнтральны”. З залы пашпартнага кантролю масава выходзяць грамадзяне Расійскай Федэрацыі з 95-га рэгіёну — Чачні. Не менш за дзве сотні чалавек зноў не прапусцілі ў Польшчу, дзе яны хочуць атрымаць статус бежанца. Мігрантаў, якія не маюць шэнгенскіх візаў, польскія памежныя службы чарговы раз “развярнулі”.
Размаўляем з адным з пастаянных пасажыраў электрычкі “Брэст — Тэрэспаль”.
“Сёння пайшоў трэці месяц, як я тут. Была ў мяне 39-я спроба трапіць у Польшчу, але безвынікова. Ездзіў сёння за апошнія грошы… Кожная паездка (а ў мяне жонка і двое дзетак) абыходзіцца ў 37 рублёў 40 капеек. Плюс да ўсяго, пражыванне ў кватэры — 15 еўра, а яшчэ харчаванне. Усяго ў дзень у мяне выходзіць 50 долараў”, — распавядае сем’янін.
Па словах мужчыны, за час знаходжання ў Брэсце ён патраціў 2500 долараў. 1500 прывёз з сабою, яшчэ 1000 перадалі родныя і сябры.
Што прымусіла кінуць усё на радзіме і з’ехаць? Усе як адзін размаўляць пра гэта адмаўляюцца нават ананімна. Наш суразмоўца — не выключэнне:
“Ніхто пра свае праблемы распавядаць не будзе. Мы гэта не абмяркоўваем нават паміж сабою. Калі ў мяне будзе стоадсоткавая гарантыя бяспекі, я агучу сваю праблему, раскажу ўсё. Галоўная мая мэта — абараніць сваю сям’ю. Калі мяне раптам не стане, хто пра іх будзе дбаць? У мяне было нармальнае жыццё ў Чачні, добра працаваў, але раптам з’явілася праблема, пасля якой не магу ні працаваць, ні ўвогуле жыць”.
Стоадсоткавая гарантыя — гэта ўдалая спроба пераезду на тэрыторыю Еўрасаюза. Па яго словах, Польшча — яго канечны пункт прыбыцця, родных у іншых краінах ЕС ён не мае. Калі праедзе, то хоча займацца тым, чым займаўся дома, — усталяваннем электраправодкі ў дамах. Варыянт вярнуцца дадому разглядаць катэгарычна не хоча.
З 6 верасня ў Брэсце высадзіўся цэлы дэсант праваабаронцаў і валанцёраў з ініцыятывы Human Constanta. Яны штодня даюць уцекачам юрыдычную кансультацыю, працуюць з кожным, хто патрабуе дапамогі. Размаўляем з праваабаронцай Настай Лойка, якая за гэтыя дні апытала не аднаго ўцекача. Ад чаго яны бягуць з Чачні і чаму так баяцца пра гэта казаць?
Лойка: “Там (у Чачні – Еўрарадыё) проста не працуюць прававыя нормы — абсалютнае самаўладдзе аднаго чалавека. Як расійскія калегі кажуць, “дзяржава ў дзяржаве”. Гэта факты і катаванняў, і знікнення людзей, і забойстваў. Там абсалютна немагчыма нічога абскардзіць. Працуе адзін закон, які называецца “Рамзан сказаў”. Неабавязкова быць нейкім актывістам, можаш быць звычайным чалавекам, але ў нейкі момант не так выказацца, не так паглядзець, не так апрануцца, і ўжо за гэта аказацца пад пагрозай”.
Праваабаронца дадае, што неістотна, бяжыць чалавек ад пераследу ці мае сацыяльныя праблемы на радзіме. Польскія памежнікі мусяць прымаць кожнага, хто запатрабаваў прытулку.
Лойка: “Мы прааналізавалі інфармацыю, якую збіралі цягам першага тыдня, і падрыхтавалі даклад, які ўмоўна называецца “Пра бежанцаў, якіх няма”. Рэч у тым, што польскі бок пры нашай размове (а мы хадзілі да каменданта ў Тэрэспалі і проста гутарылі з памежнікамі) кажа, што статус бежанца ў іх нібыта ніхто не просіць. Гэта афіцыйная пазіцыя Польшчы. Ёсць заява міністра ўнутраных справаў Польшчы, які кажа: “Мы не будзем усіх іх прымаць”. Гэта безумоўна парушае міжнароднае і еўрапейскае заканадаўства. Мы паспрабуем паўплываць на гэтую сітуацыю”.
З 200-300 чачэнцаў у Польшчу трапляе 2-3 сям’і. Гэта дае сілы тым, хто не праехаў, зноў спрабаваць.
Мужчына, з якім мы пагутарылі на вакзале, прызнаецца, што таксама не страчвае надзеі. Грошы скончыліся, таму будзе з сям’ёй начаваць на вакзале. Як атрымае грашовы перавод ад родных, зноў паспрабуе трапіць у Польшчу. Ужо саракавы раз.