“Усіх працаўладкаваць да 1 траўня”: У Крычаве на 121 вакансію 177 беспрацоўных
На нарадзе 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даў загад усім знайсці працу за два месяцы, да 1 траўня.
“Да 1 траўня ўсе павінны быць працаўладкаваныя. І запомніце, у якое б я месца ці раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя, і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог, пасля 1 траўня такія людзі будуць”, ― прыгразіў кіраўнік краіны.
За два дні да прызначанага тэрміну такія людзі… ёсць! У Крычаве толькі 121 вакансія. А беспрацоўных цэлых 177.
“За ўчора мы працаўладкавалі дваіх чалавек. У нас з заяўленых вакансій дамінуюць вакансіі з вышэйшай адукацыяй. А працу шукаюць людзі па рабочых прафесіях. У іх прафесійна-тэхнічная адукацыя. Вось, цяпер шукаюць галоўнага інжынера і намесніка дырэктара ў арганізацыю, інспектара ў аддзел унутраных справаў. Такія вакансіі, якія мы сваім беспрацоўным не ўсім зможам прапанаваць. У нас працуе і камісія па працаўладкаванні. Мы таксама працуем з кожным незанятым чалавекам, мы з кожным праводзім гутарку”, ― расказваюць у цэнтры занятасці Крычава.
Глядзім, кім можна працаваць у Крычаве. Заатэхніку ў калгасе прапануюць 260 рублёў, ветэрынарнаму лекару на 5 рублёў болей. І там, і там патрабуюць вышэйшую адукацыю. Найбольшы заробак на пасадзе старшага оперупаўнаважанага ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС ― 700 рублёў.
У Брагіне цяпер паўсотні чалавек афіцыйна беспрацоўныя, вакансій удвая болей. І беспрацоўныя патрабуюць абяцаныя Лукашэнкам 500 долараў.
“Некаторыя прыходзяць, і хочуць, каб адразу 500 долараў плацілі. Нехта хоча, каб мараком яго ўладкавалі, але ж гэта тыя, хто не хоча працаваць. Калі чалавек хоць нейкі заробак хоча, мы яго працаўладкуем. У нас людзі на сезонныя працы ездзяць, на бульбу, на лесапасадкі”, ― апісваюць у Брагінскім цэнтры занятасці.
Глядзім вакансіі з Брагіна на сайце Мінпрацы. Прапануюць быць прадаўцом за 165 рублёў, трактарыстам за 230 рублёў на месяц, лекарам за 520 рублёў.
На канец сакавіка ў Мінску налічвалі амаль 10 тысяч афіцыйных беспрацоўных. Гэта тыя, хто стаў на ўлік у цэнтры занятасці.
“Мы ўсім прапанавалі працу", ― каротка праінфармавалі ў Камітэце па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.
Уладзіслаў жыве ў Валожынскім раёне, на ўлік як беспрацоўны стаў ў снежні. За чатыры месяцы ніводнай прапановы працы яму не зрабілі. У месяц даюць 18 рублёў грашовай дапамогі.
“Там у цэнтры занятасці вісіць спіс, на каго можна перавучыцца. Напрыклад, на плітачніка. Нават з’явіліся выездныя камісіі па працы, але да мяне яны не прыязджалі. За ўвесь час працу так і не прапаноўвалі. Раз на месяц трэба адзначацца у цэнтры занятасці”.
На канец сакавіка ў Беларусі зарэгістраваныя беспрацоўнымі 43 тысячы 400 чалавек, падлічвае Белстат. На момант, калі Лукашэнка даў каманду ўсіх працаўладкаваць, беспрацоўных было нават менш ― 42 тысячы 800 чалавек. А на момант прыняцця дэкрэта “Аб дармаедах” на біржы занятасці стаяла 39 тысяч чалавек. Выходзіць, за два гады дзейнасці Дэкрэта №3 беспрацоўных паболела на 4 тысячы.