Узмацненне кантролю на межах ЕС — што чакае беларусаў

Узмацненне кантролю на межах ЕС — што чакае беларусаў

Пасля парыжскіх тэрактаў ва ўсіх краінах Еўрасаюза узмацніліся меры бяспекі. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд працягнуў рэжым надзвычайнага становішча яшчэ на тры месяцы. 18 лістапада у Парыжы прайшла спецаперацыя па ліквідацыі групы тэрарыстаў. Суседнія з Францыяй краіны а таксама дзяржавы Скандынаўскага паўвострава ўвялі ўзмоцнены кантроль на межах.

Бельгія, Італія, Іспанія паведамілі пра павышэнне ўзровеню тэрарыстычнай небяспекі.

На ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі павялічана колькасць паліцыі. У расійскіх аэрапортах на ўваходах і ў зонах вылету і прылёту таксама ўзмацняецца кантроль.

З чым сутыкнуцца беларусы, якія ўязджаюць у краіны Еўрасаюза. І як гэта паўплывае на іх адпачынак.

У амбасадзе Францыі адзначаюць, што падчас перасячэння дарожных, чыгуначных, марскіх і паветраных межаў краіны будуць правяраць пашпарты. Аэрапорты працуюць у звычайным рэжыме.

Узмацненне кантролю на межах ЕС — што чакае беларусаў
Дагляд пасажыраў цягніка, які прыехаў у Швецыю. Фота: REUTERS/STIG-AKE JONSSON/TT NEWS AGENCY

Дадатковы кантроль арганізаваны і ў Швецыі. Але, па словах амбасадара краіны ў Беларусі Марціна Оберга, гэта звязана з вялікай колькасцю мігрантаў, а не з тэрактамі ў Парыжы

“Няма розніцы паміж паромам з Польшчы, ці палётам наўпрост з Мінска. У вас правераць пашпарт, спытаюць, ці маеце вы бронь у гатэлі, ці маеце вы дастаткова грошай на перыяд знаходжання ў краіне і гэтак далей. Але гэта як заўжды”, — тлумачыць Марцін Оберг.

Першапачаткова кантроль на межах Швецыі планавалася ўвесці на 10 дзён, але, хутчэй за ўсё, ён будзе падоўжаны яшчэ на 20 дзён.

У пасольстве Італіі кажуць, што павышаныя меры бяспекі не мусяць паўплываць на турыстаў. Масавыя мерапрыемствы адмяняць не плануецца. Спецслужбы ў гэты час будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

“Цяпер Італія ўзмацняе меры бяспекі для сваіх грамадзян і турыстаў з іншых краін. Мытны кантроль з краінамі шэнгенскай зоны на дадзены момант уводзіць не плануецца. І мы не плануем уводзіць дадатковыя меры кантролю ў дачыненні да беларускіх турыстаў, якія звяртаюцца па візы”, — распавялі ў італьянскім пасольстве.

Узмацненне кантролю на межах ЕС — што чакае беларусаў
Рух праз беларуска-літоўскую мяжу. Фота: Scanpix

Узмоцнены кантроль ўводзяць і нашы суседзі. Прэс-сакратар літоўскага памежнага камітэта Гедрус Мяшуціс распавядае, што такія меры прымаюцца не толькі на межах з Беларуссю, але і з Латвіяй, і Польшчай.

“Але нейкіх асаблівых зменаў адмыслова для грамадзян Беларусі, напрыклад, з дакументамі не прадугледжваецца. Праверка грамадзян Беларусі падчас уезду і выезду з Літвы праводзіцца па такіх жа патрабаваннях як і раней, яна проста можа заняць крыху больш часу”, — тлумачыць прэс-сакратар.

На межах Літвы з краінамі ЕС людзей правяраюць выбарачна. Там цяпер знаходзіцца больш супрацоўнікаў, больш тэхнікі. У аўторак ля былога перахода на літоўска-польскай мяжы нават праводзіліся вучэнні, падчас якіх некалькі гадзін правяраўся ўвесь транспарт, дадае Гедрус Мяшуціс.

Узмацняюцца меры бяспекі і ў Беларусі. На станцыях мінскага метро з’явіліся ўзброеныя міліцыянеры.

“Пачынаючы з суботы, 14 лістапада, быў прыняты шэраг мер, скіраваных на ўзмацненне сістэмы бяспекі, ― патлумачыў радыё “Свабода” прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. ― Гэта кропкавыя захады, калі і дзе дакладна, казаць не буду. Галоўнае, што трэба ведаць, што меры прынятыя і дзейнічаюць. Магу яшчэ сказаць, што гэтыя меры будуць дзейнічаць згодна з неабходнасцю. Пэўнага дня, калі іх адменяць, няма”.

Узмацненне мер бяспекі закране не толькі метро, але і іншы транспарт.

Галоўнае фота: ves.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі