Валютная біржа для "чайнікаў”: як курс долара змяняецца на біржавых таргах

“Адзінае, што ў нас змянілася, — мы перасталі працаваць з літамі”, — нечакана кажуць на Беларускай валютна-фондавай біржы.

І проста тлумачаць, як фармуецца біржавы курс долара. У таргах удзельнічаюць банкі. Кліенты банкаў хочуць прадаць ці набыць валюту. Зразумела, тыя, хто хоча набыць, хочуць зрабіць гэта па максімальна нізкай цане, хто прадае — па максімальна высокай.

“Але ёсць мінімальная цана, па якой нявыгадна прадаваць ці набываць валюту — нейкі мінімум. Гэта ўказваецца ў заяўцы банка. Калі гэтыя кліенты вызначаюцца, банкі яе прысылаюць на біржу і яна трапляе ў нашую гандлёвую сістэму”, — тлумачаць на біржы.

Сістэма аналізуе аб’ёмы попыту і прапановы па кожным відзе валюты. Напрыклад, па долары сабралася 100 мільёнаў на продаж і 50 мільёнаў  на пакупку. Атрымліваецца, што прапанова ў два разы большая за попыт. У залежнасці ад гэтага фармуецца кірунак на зніжэнне курса.

Курс, да прыкладу, па доларах зніжаецца ці павышаецца пакрокава — адзін крок роўны 10 рублям.

Калі сістэма прааналізавала ўсю інфармацыю, маклер абвяшчае, які папярэдні курс сфармаваўся: да прыкладу, курс папярэдне ідзе на паніжэнне. Далей курс зніжаецца на 10 рублёў, і сістэма здымае заяўкі, якім нявыгадна рабіць аперацыі па гэтым курсе.

“Ахвотных прадаць робіцца меней. Калі попыт-прапанова не выраўняліся — ідзе наступнае зніжэнне курса на 10 рублёў”, — тлумачаць на біржы.

Напрыклад, у панядзелак, 12 студзеня, курс рубля да долара ўпаў на 250 рублёў, то бок прайшло 25 крокаў на выроўніванне попыту і прапановы. Тады, як сведчыць статыстыка, попыт перавышаў прапанову ў 1,5 разу!

А вось 13 студзеня курс долара на валютна-фондавай біржы змяніўся толькі на 20 рублёў — попыт перавышаў прапанову усяго на 10%.

На біржы адзначаюць, што цяпер попыт перавышае прапанову, таму курс лагічна расце. Але застаецца тая ж колькасць гульцоў, як і да 19-20 снежня мінулага года.

Нацбанк таксама ўдзельнічае ў таргах. Але валютныя інтэрвенцыі, калі Нацбанк выроўнівае курс долара за кошт золатавалютных рэзерваў краіны, цяпер не праводзяць. Пры гэтым на біржы заўважаюць, што курсаўтварэнне праз біржу — не адзіны спосаб усталяваць курс.

“Памятаеце, калі мы 2 студзеня 2009 года ўбачылі новы курс? Тады Нацбанк памяняў курс сам — і таргі пачаліся з усталяваных Нацбанкам курсаў”.

Але што адбылося ў дні, калі рубель дэвальваваўся на 7% (29 снежня 2014 года), 7% (5 студзеня 2015 года) і 7,5% (8 студзеня)? Ці не даў Нацбанк свабодна фармавацца курсам валют без інтэрвенцыі?

На Беларускай валютна-фондавай біржы на гэтае пытанне адказаць не могуць. Але заўважаюць, што нейкіх шакавальных ці ажыятажных таргоў у тыя дні не было.

А вось на думку фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іосуба, Нацбанк сам “валявым рашэннем усталяваў курс”.

“Можна меркаваць, што гэта была воля Нацбанка — пачынаць курс з такіх і такіх курсаў. Гэта ён правёў у тры этапы, адмяняючы паступова камісію на пакупку валюты. Роўна гэтак жа, як было ў 2009 годзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі