Дэпутат Валерый Варанецкі: развіваем ЕАЭС ці вяртаемся да “двойкі” з Расіяй?
Бадай што адзіны рэальны вынік перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна — дамова аб стварэнні працоўнай групы па “паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы”. З беларускага боку групу ўзначальвае міністр эканомікі Дзмітрый Круты, а ўваходзіць у яе 30 чалавек. Сярод іх дэпутат і старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.
Еўрарадыё: З аднаго боку, працоўная група будзе вырашаць пытанне пра кампенсацыю падатковага манёўра, а з іншага — абмяркоўваць паглыбленне інтэграцыі. Якімі пытаннямі група зоймецца найперш?
Валерый Варанецкі: Галоўная мэта — выпрацоўка прапановаў па развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі. І ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі па пытаннях расійска-беларускіх адносін. Але каб выпрацоўваць прапановы і ўносіць іх ва ўрад, трэба выразна прааналізаваць, а што ў нас ёсць, На якой стадыі ў сферы эканамічных адносін мы знаходзімся. Спачатку трэба зрабіць рэвізію па галінах з кропкі гледжання эканамічных сувязяў, а пасля выпрацаваць шляхі больш эфектыўнага ўзаемадзеяння.
Трэба разумець, што інтэграцыйная палітыка накіраваная на стварэнне спрыяльных умоваў для эканамічнага супрацоўніцтва суб’ектаў гаспадарання. Гэта самае галоўнае, але не сама мэта. Гаворка ідзе пра павышэнне эканамічнай эфектыўнасці нацыянальных гаспадарак, эканамічнага роста ў інтарэсах краін і народаў. З гэтага гледзішча трэба глядзець, што адбываецца ў нашых адносінах з Расіяй.
Інтэграцыя — аб’ектыўны працэс, і ён вызначаецца першапачаткова інтарэсамі самастойных прадпрыемстваў і атрыманнем імі прыбыткаў. Прадпрыемствам выгадна мець ўзаемасувязі там, дзе атрымліваюць большы прыбытак. Але і расійскія, і беларускія прадпрыемствы засяроджаныя не толькі на адным рынку — яны гандлююць там, дзе выгадна. І эканамічная інтэграцыя развіваецца на тых напрамках, дзе выгадна. А дзе нявыгадна, цяжка разлічваць на дынамічны рух.
Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка кажа, што расіяне так нічога ўцямнага і не адказалі на пытанне, што маюць на ўвазе пад паглыбленнем інтэграцыі…
Валерый Варанецкі: Калі мы кажам пра эканамічную інтэграцыю, гэта перш за ўсё стварэнне спрыяльных умоваў для эканамічнага супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі. Натуральна, што ў гэтых умовах мы павінны паглядзець, як забяспечваюцца рынкавыя ўмовы гаспадарання ў краінах, наколькі справядлівая канкурэнцыя ў эканоміцы Расіі і Беларусі. Калі гэтага няма, дык эканамічная інтэграцыя будзе тармазіцца.
Аляксандр Лукашэнка правільна сказаў: калі мы прымалі рашэнне пра паглыбленне інтаграцыйнага ўзаемадзеяння, мы зыходзілі з таго, што умовы будуць паляпшацца. А ў выніку атрымліваецца, што стала горш? Гэта нікому не зразумела. Трэба глядзець на абмежаванні, якія ёсць. Я перакананы, калі прыбраць агульныя размовы, паглядзець, што адбываецца ў эканоміцы, думаю, будзе вялікі плюс. Але гэта трэба рабіць і Расіі, і нам. Вядома, роўныя ўмовы гаспадарання, справядлівая канкурэнцыя, адпаведнае цэнаўтварэнне і гэтак далей. Думаю, расійскі бок з гэтым таксама разбярэцца. Там ёсць адукаваныя эканамісты. Сёння гаворка ідзе пра эканамічныя сувязі, пра стварэнне спрыяльных умоваў для эканамічнага супрацоўніцтва.
Еўрарадыё: Вы пастаянна звяртаеце ўвагу менавіта на эканамічны аспект. А палітычны аспект прысутнічае ў пытанні паглыблення інтэграцыі ці не? Адзіны кіраўнік Саюзнай дзяржавы, парламент… Ці сёння нам гэта не цікава?
Валерый Варанецкі: Дамову калісьці падпісвалі аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Таму, калі аперыруюць тэрмінам “Саюзная дзяржава”, дык трэба адказаць на пытанне, а яна створаная ці не? Нельга забягаць наперад. Дом будуецца з падмурка. Фарміруеца агульны рынак, мытная прастора, адзіная эканамічная прастора, якая прадугледжвае агульнае рэгуляванне, і гэтак далей. Ёсць досвед Еўрапейскага саюза. Калі Еўрапейскі саюз спрабаваў забягаць наперад і ствараць тое, што яшчэ не падрыхтавана, еўрапейскія супольнасці апыналіся ў сур’ёзным крызісе. Цяпер трэба стварыць нармальныя ўмовы для эканомікі, а далей жыццё пакажа.
Насамрэч, Расія зацікаўленая (для яе гэта важна) узаемадзейнічаць з Еўрапейскім саюзам і развіваць эканамічныя сувязі. І Беларусь зацікаўленая, мы жывём у адной прасторы. Магчыма, заўтра Расія скажа, што будзе паглыбляць інтэграцыйныя сувязі з Еўрасаюзам і створаць адзіную еўрапейскую эканамічную прастору. І Беларусь будзе часткай гэтай прасторы. Не будзем загадваць, бо няпростыя сёння ідуць працэсы ў Еўропе і на постсавецкай прасторы.
Калі б мы сёння хацелі стварыць інстытуты, не падрыхтаваўшы эканамічную аснову, у нас нічога не атрымалася б. Гэта была б не эканамічная інтэграцыя, а зусім іншае. Прэзідэнт выразна сказаў, што ні пра якое аб’яднанне гаворка не вядзецца.
Еўрарадыё: Ведаючы вашу пазіцыю, вы таксама будзеце адстойваць суверэнітэт.
Валерый Варанецкі: Так, я за тое, каб у нас была адкрытая эканоміка, а нашы эканамічныя сувязі развіваліся, каб мы інтэграваліся не толькі з Расіяй, бо ў нас ёсць і іншыя еўрапейскія рынкі. Дзяржава павінна спрыяць развіццю сувязей, якія цікавыя нашым прадпрыемствам. Перад намі стаяць задачы здымаць абмежаванні ў гандлі не толькі з Расіяй, а і з Украінай, Еўрапейскім саюзам. Для Беларусі вельмі важна мець адкрытую эканоміку. Краіна можа забяспечваць эканамічны рост, толькі ўдзельнічаючы ў сусветных сувязях.
Еўрарадыё: Нягледзячы на тое, што мы і ў Саюзнай дзяржаве, і ў ЕАЭС, ствараюцца розныя перашкоды ў выхадзе нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак. Вам не падаецца, што мы хочам роўных правоў у эканамічнай інтэграцыі, а Расіі больш цікава на словах пра інтэграцыю займець з Беларуссі палітычныя дывідэнды і нікуды не рухацца?
Валерый Варанецкі: Вы закранулі важную тэму згадаўшы пра Еўразійскі эканамічны саюз. Стварэнне больш маштабнага аб’яднання было ініцыятывай расійскага, казахскага і нашага прэзідэнтаў. Насамрэч, гэта добра, бо стварае новыя магчымасці для прадпрыемстваў. Але тады ўсё гэта стварае новую рэальнасць. Эканамічная інтэграцыя мае тэндэнцыю да расшырэння. Спачатку мы мелі “двойку” (саюз Беларусі і Расіі), але потым нашы лідары прынялі рашэнне аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, і стварылі яго. І Расіі, і Беларусі сёння трэба адказаць на пытанне: для нас прыярытэт — далейшае развіццё інтэграцыі ў межах Еўразійскага саюза, ці мы вяртаемся да фармату “двойкі”?
Еўрарадыё: Калі стала вядома, што кіраўнікі краін прынялі рашэнне аб стварэнні працоўнай групы, аналітыкі пачалі казаць, што, відавочна, Беларусь не хоча паглыбленнай інтэграцыі ў палітычнай сферы. Але адкрыта сказаць пра гэта расіянам мы не можам, таму замаруджваем працэс, каб у выніку выбіць з Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр. Якім вы бачыце канчатковы вынік сваёй працы ў гэтай групе?
Валерый Варанецкі: Калі мы кажам пра інтэграцыю, мы маем на ўвазе эканамічную інтэграцыю. Іншай проста няма. Калі вы кажаце пра палітычную, дык дзяржаўныя інстытуты не могуць інтэгравацца. Зноў жа, паглядзіце на Еўрапейскі саюз: ёсць Германія, Францыя, Італія, Польшча... Іншая справа, што ствараюцца наднацыянальныя органы, каб аптымальна забяспечыць і абараніць працу агульнай эканомікі.
Сёння ў нас гаворка ідзе пра эканамічнае ўзаемадзеянне. Таму, калі казаць пра палітычны складнік, гэта значыць, забягаць наперад. Мы — дзве саюзныя дзяржавы, братэрскія народы, як неаднаразова гаварылася. Натуральна, мы павінны супрацоўнічаць і развіваць адносіны, але гэта не значыць, што адзін брат павінен ставіць другога ў своеасаблівы стан. Мы сябруем, таму давайце па-братэрску будзем здымаць абмежаванні, якія ёсць. Забягаць наперад было б цяпер няправільна. Сёння мы павінны кіравацца інтарэсамі нашых эканомік.
Еўрарадыё: Ці вядома, калі будзе першае пасяджэнне працоўнай группы?
Валерый Варанецкі: Пройдуць кансультацыі на лініях ведамстваў, міністэрстваў, экспертаў. Будуць выпрацаваныя падыходы з улікам праблем у галінах. Ёсць мытныя, сельскагаспадарчыя, гандлёвыя пытанні. У гэты працэс мы толькі ўваходзім. Мне складана цяпер адказаць, калі адбудзецца сумеснае пасяджэнне беларуска-расійскай групы. І экспертам, і кіраўнікам трэба некалькі разоў сустрэцца, каб напрацаваць штосьці для сумеснага пасяджэння.