“Вазіць тушонку ці ежу — не задача Офіса”: Вячорка пра дапамогу добраахвотнікам

“Вазіць тушонку ці ежу — не задача Офіса”: Вячорка пра дапамогу добраахвотнікам

Святлану Ціханоўскую раней папракалі тым, што яна не можа назваць Пуціна ворагам і акрэсліць сваю пазіцыю па “чый Крым?”.

— Ціханоўская ўжо шмат разоў назвала і Пуціна злачынцам, і лукашэнкаўскі рэжым злачынным, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Калі вы хочаце, каб яна яго паслала, як расійскі карабель, то такога не адбудзецца. Нават украінскія палітыкі, Зяленскі напрыклад, рэдка згадваюць Пуціна.

Гэта асновы дыпламатычнай мовы, у якіх трымаюцца дзяржаўныя лідары. Тое, што могуць сабе дазволіць парламентарыі і блогеры, не заўжды могуць дазволіць сабе палітыкі. Сумнявацца ў тым, як ацэньваюць Офіс Святланы Ціханоўскай і дэмсілы вайну Расіі супраць Украіны, не даводзіцца. Здаецца, ад самага першага дня Офіс і Святлана Ціханоўская займаюць рашучую пазіцыю. Нашмат больш жорсткую, чым многія еўрапейскія краіны. Бо гэтая вайна тычыцца не толькі Украіны, але і Беларусі.

У эфіры Еўрарадыё баец батальёна імя Кастуся Каліноўскага Павел Кулажанка сказаў, что ўся дапамога беларускім добраахвотнікам ад Святланы Ціханоўскай складалася з “пары банак тушонкі”.

— Мы высветлілі ў кіраўніцтва батальёна, што меў на ўвазе гэты чалавек. Яны сказалі, што нічога не ведаюць, — адказвае на пытанне Франак. — Што гэта, магчыма, яго эмацыйная рэакцыя.

Не задача Офіса — вазіць тушонку ці ежу. Задача палітычнай структуры — дапамагаць на палітычным узроўні. Скажу, што батальён Каліноўскага выдатна спраўляецца самастойна. У яго ёсць вялікая падтрымка сярод беларускіх дыяспар. Украінскі ўрад з вялікім захапленнем назірае за працай батальёна Каліноўскага. Таму магчыма, што задача Офіса Ціханоўскай тут у тым, каб не перашкаджаць.

“Вазіць тушонку ці ежу — не задача Офіса”: Вячорка пра дапамогу добраахвотнікам
Байцы добраахвотніцкага батальёна імя Кастуся Каліноўскага / t.me/belwarriors

А калі нарэшце Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім?

— Публічныя сустрэчы са Святланай Ціханоўскай не адбываюцца па просьбе ўкраінскага боку, — тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай. — Яны лічаць, што такім чынам яны справакуюць Лукашэнку на ўварванне. Гэта палітыка мае свае аргументы. Я лічу, што яна [такая палітыка] не апраўданая і што Лукашэнка не будзе кіравацца тым, сустрэнецца Зяленскі з Ціханоўскай ці не. Але мы павінны ставіцца з павагай да Украіны, да яе ўрада. Калі яны лічаць, што гэта дапаможа ім перамагчы агрэсара, то няхай.

“Вазіць тушонку ці ежу — не задача Офіса”: Вячорка пра дапамогу добраахвотнікам
Пакуль што сустрэчы з беларускімі дэмсіламі стоп / president.gov.ua

Пытанне ад гледача Еўрарадыё: “Заўважыла ў штаба шмат слоў, мала канкрэтыкі і спраў. Напрыклад, баязлівасць агучваць рэчы сваімі імёнамі і не даваць лічбы [справаздачу] дапамогі. Куды, каму і якія грошы пайшлі на дапамогу”. Ёсць што адказаць?

— Офіс Святланы Ціханоўскай не займаецца размеркаваннем сродкаў, грошай. У нас няма ні такой магчымасці, ні такога інструмента. Мы вырашаем толькі пытанні на найвышэйшым палітычным узроўні. Тая дапамога, якая аказваецца беларускімі дыяспарамі, — у іх ёсць свая сістэма кантролю. У фондаў салідарнасці, якія дапамагаюць Украіне і беларускім байцам ва Украіне, — у іх таксама свая сістэма кантролю, яны публікуюць справаздачы. Калі казаць пра дапамогу еўрапейскіх структураў, то яна размяркоўваецца паміж праваабаронцамі, медыя самастойна. Яны вызначаюць, якія прыярытэты.

Адзінае, чым мы можам ганарыцца, — тым, што мы дабіліся павелічэння дапамогі для незалежных беларускіх медыя. Упершыню ў гісторыі Еўрасаюз будзе фінансаваць культурніцкія праекты. Мы пераканалі, што зараз вельмі важна ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць, укладвацца ў прамоцыю беларускай гісторыі, мовы, культуры. Усё тое, што робіць беларусаў беларусамі.

Павялічылася дапамога адукацыйным праектам. Вельмі важна, каб тыя беларусы, якія зараз вымушана ў выгнанні, не гублялі сувязь з Беларуссю.

А ці супрацоўнічае кабінет Святланы Ціханоўскай з Зянонам Пазняком?

“Вазіць тушонку ці ежу — не задача Офіса”: Вячорка пра дапамогу добраахвотнікам
Зянон Пазняк у студыі Еўрарадыё / Еўрарадыё

— Святлана Ціханоўская размаўляла па тэлефоне з Зянонам Станіслававічам, — кажа Франак Вячорка. — Размова была хвілін дваццаць, а мо і даўжэйшая. Напрыканцы дамовіліся падтрымліваць сувязь. Нічога канкрэтнага ў выніку гэтай размовы не адбылося, хутчэй абмяняліся думкамі. У Зянона Станіслававіча сваё бачанне сітуацыі. Паглядзім, ці будзе працяг гэтай супрацы.

Таксама мы камунікуем з тымі, хто з Зянонам Пазняком звязаны. І з Сяргеем Навумчыкам, і з Паўлам Усавым. Калі гаварыць пра Шчыгельскага, то з ім таксама ёсць сувязь. Нядаўна была і сустрэча са Шчыгельскім у Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі