Віцэ-спікер сейма Літвы: З выбаршчыкамі размаўляю ў краме

Еўрарадыё: Наколькі неабходны візавы рэжым ЕС з Беларуссю?

Пятрас Аўштравічус: Вялікая праблема ў тым, што Беларусь не бярэ ўдзелу ў палітыцы Усходняга партнёрства. Беларусь праз гэта губляе больш, чым ЕС. Яна не пераймае добры досвед у шмат якіх галінах. Пазіцыя Літвы і мая асабістая пазіцыя ў тым, што з часам трэба ад віз адмаўляцца абодвум бакам. І ЕС, і суседнім краінам, і нават больш далёкім суседзям. Гэта непазбежна. Вядома, усё мусіць адпавядаць пэўным патрабаванням: біяметрычныя пашпарты, якім можна давяраць, рэадмісія, міграцыйнай палітыка мусіць быць вырашана.

Еўрарадыё: Чаму паміж Літвой і Беларуссю не ратыфікавана пагадненне аб бязвізавым рэжыме ў памежнай 50-кіламетровай зоне?

Пятрас Аўштравічус: Мы падрыхтавалі ўсе дакументы па ратыфікацыі малога памежнага руху. Мы гатовы, але сп. Лукашэнка — не. Кожны кіраўнік мае свае прыярытэты. Але нам нельга ствараць праблемы людзям, якія жывуць па абодва бакі мяжы. Адно з самых вялікіх дасягненняў Еўрасаюза — гэта свабоднае перамяшчэнне людзей. Калі я бачу чэргі каля консульстваў у Кіеве ці Мінску, мне гэта вельмі не падабаецца. Гэта прыніжэнне чалавека.

Мы падпісваем дамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з Малдовай, Азербайджанам, Грузіяй і з Украінай хутка падпішам, а з Беларуссю — не. Мы як суседзі пакутуем ад гэтага. Мы страчваем патэнцыял. Для літоўцаў важныя гістарычныя мясціны ВКЛ. Я думаю, шмат хто паехаў бы. Гэта давала б лепшае разуменне гісторыі, чым па кнігах. І беларусы змаглі б пабачыць усю Літву, а не толькі Вільню і “Акропаліс”.

Еўрарадыё: Вы шмат бывалі ў Беларусі?

Пятрас Аўштравічус: Бываў. У гарадах, якія важныя для нас, — у Ашмянах і Лідзе, гэта цэнтральныя гарады ВКЛ, можна сказаць. У Мінску шмат разоў бываў. Я б хацеў з’ездзіць у Мір, Нясвіж і Крэва. Гэтыя замкі маюць вялікае значэнне ў гісторыі ВКЛ. Пасля снежня 2010 года, калі я быў назіральнікам на выбарах, думаю, што могуць быць праблемы. Але на візу пакуль не падаваў.

Частка маёй сям’і з боку маці з Ігналінскага раёна, а родзічы прабабулі — з Глыбокага. Гісторыкі могуць спрачацца, як называць аднаго ці іншага князя на розных мовах, але гісторыя ВКЛ — гэта феномен не літоўскі і не беларускі, ён — еўрапейскі.

Еўрарадыё: Што яшчэ засталося зрабіць, каб патаннелі візы і запрацаваў малы памежны рух?

Пятрас Аўштравічус: Трэба толькі ратыфікаваць дамову па 50-кіламетровай зоне, прайсці гэты працэс максімальна хутка. Кожны дзень — гэта праблемы людзей. На нашым баку гэта 800 тысяч. На беларускім больш за паўмільёна. Гэтыя лічбы ўражваюць. Сем’і жывуць па абодва бакі мяжы. Гэта не толькі палітычная, але і чалавечая праблема. Мы не пачулі ніякіх аргументаў, чаму гэта нельга падпісаць. Калі магутнасці прапускных пунктаў недастатковыя, то давайце будаваць іншыя.

Еўрарадыё: А калі казаць пра спрашчэнне візавага рэжыму?

Пятрас Аўштравічус: Фармальныя патрабаванні — гэта дамова аб рэадмісіі. На літоўска-беларускай мяжы мы затрымліваем 400-500 мігрантаў з трэціх краін штогод, а сёлета быў рост. У асноўным гэта Вьетнам, Індыя, Шры-Ланка, Грузія. З Грузіі стала больш, кітайцы трапляюцца.

Еўрарадыё: Літва можа скасаваць плату за візы ў аднабаковым парадку?

Пятрас Аўштравічус: У нас шмат розных умоваў, калі візы даюць бясплатна, даюць доўгатэрміновыя і даюць хутка. Што яшчэ можна зрабіць? Можна зрабіць нулявы кошт за візы. 60 еўра — высокі кошт. Гэта і для літоўцаў шмат — прыкладна 200 літаў. Мы з сям’ёй у краме столькі пакідаем, купляючы прадукты на 2-3 дні.

Кошт не з’яўляецца прынцыповым пытаннем для Еўрасаюза. Мы бяром грошы за візы не дзеля таго, каб зарабляць. Так, гэта некаторая частка бюджэту, але гэта смех. На гэтым не заробіш. Я быў бы за адмену платы за візы, але мы ўваходзім у Шэнген і не маем права не выконваць умовы пагаднення. Калі мы хочам змяніць штосьці, павінны прайсці ўвесь шлях для прыняцця рашэння.

Еўрарадыё: А як палякі ў абыход шэнгенскай дамовы ўвялі візы “па закупы”?

Пятрас Аўштравічус: За іх трэба плаціць?

Еўрарадыё: Так, але гэта гадавая віза. Яе можна атрымаць, падаўшы чэкі на пакупкі. Чаму Літва па прыкладзе Польшчы не можа ўвесці такія візы, хаця б каб завабліваць людзей у свае крамы?

Пятрас Аўштравічус: У іх кірмашны досвед большы, чым у нас. Але, па-мойму, у дамове ёсць такія магчымасці. Мы казалі пра гэта шмат разоў. Аднак МЗС прытрымліваецца больш строгай рэгламентацыі гэтых умоваў. Яны кажуць, што гнутка абслугоўваюць і даюць візы ўсім, хто просіць. Вось якія ў іх аргументы.

Нашы прадпрымальнікі былі б вельмі рады выдачы доўгатэрміновых віз. Вы самі бачылі, што ў Вільні шмат аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Для бізнесу гэта было б вельмі добра. Пакуль Літва была старшынёй у ЕС, у нас не было часу, але цяпер трэба ізноў абмяркоўваць. Увядзенне малога памежнага руху вырашыла б шмат праблем.

Па доўгатэрміновых візах я не бачу праблем. Візавая палітыка — атрыбут мінулага, і ад гэтага трэба адмаўляцца.

Еўрарадыё: Якія ў вас адносіны з беларускімі калегамі?

Пятрас Аўштравічус: Афіцыйна мы не падтрымліваем адносінаў з беларускім парламентам. Ён не прызнаны ў ЕС, таму што выбары не былі прызнаныя празрыстымі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Атрымліваецца, што парламент выпадае з адносінаў. Я не ведаю ў твар намесніка старшыні парламента па замежных справах, наш старшыня эканамічнага камітэта не ведае свайго калегу ў Мінску. Апошняя сустрэча прэзідэнтаў Літвы і Беларусі была ў 2009 годзе. У Еўропе вы не знойдзеце краін, дзе прамежкі складалі б гады. Гэта ненармальная сітуацыя. На ўзроўні муніцыпалітэтаў сувязі падтрымліваюцца.

Геаграфічна Беларусь у Еўропе, але трэба стаць палітычна. Надыдзе час, калі свабодныя выбары ў Мінску, Лідзе і ў Магілёве будуць змяняць аблічча Беларусі. Галоўнае, што мы гатовы дапамагчы людзям пераняць досвед і рэформы. Нават Кітай змяняецца. Казаць, што Беларусь не гатова мяняцца, гэта гістарычная памылка. Значыцца, хтосьці не хоча.

Еўрарадыё: Як вы кантактуеце са сваімі выбаршчыкамі?

Пятрас Аўштравічус: Сустракаю іх у краме. Я тут непадалёк жыву. Выгульваю сабаку, сустракаю выбаршчыкаў і размаўляю з імі. У нас няма асобных чынавенскіх крамаў і не засталося ўжо спецлякарняў. Гэта першае, што трэба выкараняць. Калі людзі бачаць, што ёсць штосьці “спец”, яны вераць, што ёсць штосьці закрытае, толькі для кіруючых.

У нас няма сацгарантый для дэпутатаў — бясплатных квіткоў або службовых аўтамабіляў. Пасля выбараў ты можаш застацца без працы. Гэта і добра, і дрэнна. Твая кампетэнцыя мусіць адпавядаць узроўню, каб ты не застаўся пасля без працы. Але гэта твая праблема, гэта не праблема дзяржавы — клапаціцца пра палітыкаў. Іначай дасі штосьці палітыку — і ён будзе на цябе працаваць, а не на людзей. Мы гэта перасягнулі.

Мы нават змагаемся, каб не было адмысловага дома для прыезджых дэпутатаў. Яны прыязджаюць на парламенцкую сесію, і на гэты час ім дастаткова даць грошай, каб маглі зняць кватэру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі