"А вы ўпэўненыя, што на рэферэндуме людзі будуць супраць смяротнага пакарання?"
Як гэта — ўсведамляць, што цябе расстраляюць? Расстраляе дзяржава. Ад імя кожнага грамадзяніна краіны, у якой ты жывеш. Наўрад ці мы з вамі можам гэта прадставіць.
На рэферэндуме ў 1996 годзе пытанне адмены смяротнага пакарання выносілася асобна. 80% беларусаў прагаласавалі супраць. У 2014 годзе 37,3% дакладна не ведалі, ці выносяцца ў нашай краіне смяротныя прысуды (сацдаследаванне САТІО).
Улада не адмяняе смяротнае пакаранне, спасылаючыся на вынікі рэферэндуму. Праваабаронцы кажуць, што можна ўвесці мараторый. А старшыня рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч нястомна паўтарае: "Я думаю, мы ўпэўнена, няхай, можа, і павольна, ідзём да адмены смяротнай пакарання".
А на пытанне пра новы рэферэндум адказвае пытаннем: "А вы ўпэўненыя, што на рэферэндуме больш за палову грамадзян выкажуцца за адмену смяротнага пакарання?"
Тое самае ад Навумовіча пачула актывістка аргкамітэта БХД Таццяна Севярынец на грамадскай дыскусіі па праблеме смяротнага пакарання ў Віцебску.
Андрэй Навумовіч: "У Палаце прадстаўнікоў не распрацоўваецца законапраект аб адмене смяротнага пакарання. Я думаю, што тут закону і не павінна быць. У 1996 годзе быў праведзены рэферэндум. Мы пачулі волю грамадзян Беларусі. 80% выказалася за захаванне смяротнага пакарання. Мы ведаем, што прайшло больш за 20 гадоў. І рабочая група інфармуе сёння ўсіх грамадзян аб вельмі адчувальным пытанні, якое вы абазначылі і я абазначаю. Як паказвае практыка, у асобных выпадках грамадзяне не ў поўным аб'ёме валодаюць дадзенай тэматыкай".
Дыскусію арганізавала Пасольства Велікабрытаніі ў Беларусі. У Віцебску сабралася цэлая дэлегацыя з замежных экспертаў і беларускіх парламентарыяў. Вось тады Севярынец і задала Навумовічу пытанне: вы там, маўляў, у Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваеце закон аб адмене ці не?
Севярынец падняла важную праблему: пра выкананне смяротных прысудаў мы даведваемся з выпадковых крыніц. Пра расстрэл Віктара Летава і Аляксея Міхалені распавёў на судзе яшчэ адзін смяротнік Вячаслаў Сухарко. Іх вывелі з камеры.
Віцебскія актывісты "закідалі" Навумовіча пытаннямі. Міжнародныя эксперты ў асноўным распавядалі, як іх краіны прыйшлі да адмены смяротнага пакарання. А дэпутаты ад Віцебскай вобласці, якія сядзелі ў зале, не сказалі ні слова.
Віцебск не першы горад, дзе правялі такую сустрэчу. Дэлегацыя была ў Лідзе і ва ўсіх абласных гарадах, акрамя Гомеля. Па словах Навумовіча, пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб прапанавала яму прыцягнуць да ўдзелу замежных спецыялістаў у сферы смяротнага пакарання. Ён, вядома, пагадзіўся.
"Калі ў мяне пытаюцца: "Спадар Навумовіч, якая твая кропка гледжання?", я проста не магу 10 разоў паўтараць тое самае! Увайдзіце ў сеціва Інтэрнэт — і вы ўбачыце мой пункт гледжання. Навошта яго сёння паўтараць? Калі вы хочаце пачуць, то я схіляюся да мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Гэта асабіста мой пункт гледжання. Паверце, першапачаткова ў мяне нават такога пункту гледжання не было".
Хтосьці з залы спытаў: "А вы ўпэўненыя, што дастаткова інфармуеце грамадства? Ужо столькі гадоў гэтым пытаннем займаецеся".
Навумовіч адказаў: "Так вось мы і змяняем светапогляд людзей. І я прыкладаю намаганні разам з міжнароднымі экспертамі. Калі б у мяне не было гэтага пункту гледжання, то, напэўна, я не быў бы ў складзе гэтай рабочай групы. Трэба ўсё ж такі, каб быў нейкі прагрэс. Я ў гэтым кірунку і працую".
І дадаць няма чаго!
Арганізатар канцэртаў і каардынатар ініцыятывы "Vitebsk4.me" Уладзімір Булаўскі спытаў у парламентарыяў: "Ці плануеце вы іншыя фарматы інфармавання грамадства акрамя такіх сустрэч? Напрыклад, мы праводзілі канцэрты ў падтрымку адмены смяротнага пакарання ў Мінску і Брэсце. Сотні маладых людзей прыходзілі, тым самым выказваючыся супраць. Чаму б вам не прыняць гэта да ўвагі?"
Навумовіч: "Наколькі будзе ўспрынятая гэтая інфармацыя падчас канцэрту, вось гэтай моладзевай акцыі? Ці не пойдзе адмаўленне, ці не скажуць яны: "Спадар Навумовіч, ды дай ты нам тут адпачыць, што ты нам навязваеш гэтую пазіцыю?"
Булаўскі распавёў, што такая акцыя праводзіцца не для адпачынку.
"Гэта велізарная піяр-акцыя з распаўсюдам друкаваных матэрыялаў, ролікаў. Гэта не для рэлаксу".
Навумовіч коратка адказаў: "Давайце падумаем".
У 2011 годзе дваіх жыхароў Віцебска, Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асудзілі на смяротнае пакаранне за здзяйсненне тэракту ў мінскім метро. У 2012-ым іх расстралялі.
На дыскусію прыйшла маці Уладзіслава Любоў Кавалёва. Амаль усю сустрэчу яна моўчкі глядзела на спікераў. А ў канцы спытала ў Навумовіча: "Якія прапановы па праблеме смяротнага пакарання ўнеслі асабіста вы?"
Пасля няёмкай паўзы ён паўтарыў адрасаванае сабе пытанне і адказаў: "Тая сістэма работы, якая прасочваецца... Я быў членам рабочай групы з 2010 года. Па ўзгадненні, пры падтрымцы Савета Еўропы, мы праводзілі пасяджэнні на ўзроўні горада Мінска. Гэта былі лекцыі, семінары. Я прыйшоў да высновы, што гэтага недастаткова, што трэба выехаць у рэгіёны і інфармаваць грамадзян Беларусі, і вас інфармаваць. Вы ж сёння абазначылі вельмі даступна, што чакалі нас раней. Вось мы прыехалі. Гэта асабіста маё пачынанне сумесна з паслом Велікабрытаніі Фіёнай Гіб".
Сустрэча скончылася, удзельнікі ўзяліся за каву і бутэрброды. Да Кавалёвай падыходзілі міжнародныя эксперты, а Андрэй Мікалаевіч спрытна схаваўся ў калідорах гасцініцы.