Вялікія самалёты над дахамі мінскіх дамоў: што адбываецца і ці бяспечна гэта

Вялікія самалёты над дахамі мінскіх дамоў: што адбываецца і ці бяспечна гэта

Вечарам 27 ліпеня жыхары Мінска былі здзіўленыя з’яўленнем у небе над цэнтрам горада парашутыстаў, а на вуліцах сталіцы ― ваеннай тэхнікі. Як высветлілася пазней, гэта была трэніроўка напярэдадні святкавання Дня дэсантніка. Але была ў той жа дзень яшчэ адна падзея, звязаная з ваеннай тэхнікай, тлумачэнню якой Мінабароны пакуль так і не дало.

Прыблізна а 23-й гадзіне жыхары некалькіх сталічных раёнаў былі абуджаныя моцным гулам у небе ― здавалася, над самімі дахамі шматпавярховак праляталі ваенныя транспартныя самалёты. Адзін з іх — грузавы ІЛ-76. Над цэнтрам сталіцы на вельмі нізкай вышыні ён праляцеў 2-3 разы: ад Каменнай горкі, праз Сухарава, над Грушаўкай, старым аэрапортам і далей у бок аэрадрома ў Мачулішчах. У сацыяльных сетках людзі цікавіліся: што адбываецца, чаму яны так нізка лётаюць над горадам і ці бяспечна гэта. Што за “паветраны калідор” праходзіць так нізка над жылымі раёнамі сталіцы? Тое самае, дарэчы, адбывалася і дзень назад — 26 ліпеня.

Арганізацыяй паветранага руху займаецца Белаэранавігацыя. Памочнік генеральнага дырэктара Міхаіл Носань сам уражаны, маўляў, “як так можна!”, але адказвае каротка: палётамі менавіта гэтых самалётаў іх спецыялісты не кіруюць.

Міхаіл Носань: “Гэта пытанне да Мінабароны, да “Мачулішчаў” ― мы імі не кіруем”.

Атрымаць па гарачых слядах каментарый ад Мінабароны не атрымліваецца: галоўны голас гэтага ведамства Уладзімір Макараў у адпачынку, тэлефон намесніка хранічна маўчыць. Таму звяртаемся да ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна. Пытанне першае: “Што гэта за самалёты?”.

“Мяркую, што гэта пачынае прыбываць кантынгент расійскіх войскаў. Сюды ўжо пачынаюць прыбываць асобы, адказныя за раскватараванне, а таксама, магчыма, ужо прыбываюць паветрана-дэсантныя падраздзяленні расійскіх войскаў, каб праводзіць нейкія падрыхтоўчыя мерапрыемствы напярэдадні вучэнняў “Захад-2017” сумесна з нашымі ваеннымі. Не выключана, што падчас вучэнняў будуць праводзіцца мерапрыемствы з дэсантаваннем з ваенна-транспартных самалётаў і, магчыма, адпрацоўваюцца гэтыя мерапрыемствы”, ― кажа эксперт.

Але чаму нельга прызямліцца ў “Мачулішчах” з іншага боку, навошта пралятаць над горадам?

Аляксандр Алесін: “Проста такі ў іх накірунак заходу на пасадку ― яны ж у “Мачулішчах” садзяцца. Так рэгулярна адбываецца, калі расійскія ваенныя прыбываюць сюды на вучэнні: чытаю паведамленне ў афіцыйных крыніцах і амаль адразу чую роў матораў над галавой ― заходзяць на пасадку самалёты. Змяніць гэта нельга. Усё залежыць ад таго, у якім накірунку арыентаваная ўзлётна-пасадачная паласа. Гэта глісада пасадкі, і тут нічога не зменіш”.

З экспертам не згодны былы ваенны лётчык Андрэй.

“На аэрадромах, асабліва тых, якія былі пабудаваныя раней, у тым ліку і “Мачулішчы”, палосы размешчаныя так, каб над горадам на пасадку не заходзіць. Выключэннем з’яўляецца аэрапорт “Мінск-1”, але і там толькі адзін “старт”. Ды і там ужо даўно ніхто не лётае. У “Мачулішчах”, наколькі я памятаю іх схему, там гэта ўсё праходзіць міма (заход для пасадкі на паласу праходзіць міма горада, ― Еўрарадыё). Ведаеце, калі б палосы былі зробленыя так, што заход на пасадку ідзе над горадам, то ўжо гадоў каля 30 людзі па тры-чатыры разы на тыдзень адзначалі б не толькі транспартныя самалёты, але і знішчальнікі, якія заходзяць на пасадку ў іх над самай галавой. Калі звычайна такога няма, але раптам пачалося, то што гэта адбываецца і чаму ― мне складана каментаваць”.

У любым выпадку, якая неабходнасць менавіта ў начных палётах цяжкіх і шумных транспартных самалётаў? Прыляталі б днём, калі ўсе на працы? Аляксандр Алесін мяркуе, што лётаюць ноччу, каб не бачылі знакаў на бартах самалётаў, якія б выдалі краіны іх прыналежнасці. І каб не ведалі дакладна, колькі на самой справе самалётаў прылятае. Ну, і адначасова адпрацоўваюцца палёты і пасадка і цёмны час.

Што да небяспечнасці палётаў на горадам, то, кажа Алесін, яна ёсць. Але гэта бяда ўсіх аэрапортаў, якія знаходзяцца ў горадзе ці недалёка ад яго. Верагоднасць, што самалёт упадзе на дамы ― мізэрная, запэўнівае эксперт. І гэта тая рызыка, якую лічаць дапушчальнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі