Вынікі сацапытанняў па рэферэндуме — гэта “лічбы ні аб чым”
Нядаўна цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ правёў “рэферэндумнае” сацапытанне, у якім прыняла ўдзел тысяча чалавек з усёй Беларусі. Згодна з ім у падтрымку рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю выказаліся 62% апытаных (43,8% — “падтрымліваюць” і 18,3% — “хутчэй падтрымліваюць”). Пра неабходнасць зменаў у Канстытуцыю заявілі 63,1% (32% — “так” і 30,4% — “хутчэй так”). Гэта ўсё пры тым, што грамадству яшчэ невядома, якія дакладна будуць змены.
Як ставіцца да гэтых лічбаў, прадстаўленых дзяржструктурай? Ці можна ім верыць?
— Насамрэч зараз, калі мы не ведаем, якія прапановы будуць абмяркоўвацца, гэтыя лічбы — абсалютная пустата, — лічыць экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў. — Возьмем пытанне пра неабходнасць зменаў у Канстытуцыю. Я абсалютна шчыра лічу, што змены патрэбныя. Таму што тое, што мы маем зараз — такую суперпрэзідэнцкую рэспубліку, — гэта не самы добры варыянт. Можна гэта разгледзець і так.
— Далей пра гатоўнасць уключыцца ў рэферэндум. Дэмакратычныя сілы кажуць, што ігнараваць рэферэндум нельга, — працягвае сацыёлаг. — Гэта магчымасць грамадству злучыцца, магчымасць новай палітызацыі, якая ва ўмовах рэпрэсій атрымлівае абсалютна легітымныя падставы. Грамадства тым ці іншым чынам атрымлівае магчымасць сказаць тое, што яно думае. І 62% апытаных кажуць: я хачу выказаць сваё меркаванне. На гэтыя лічбы можна глянуць і так. Але да той пары, пакуль мы не будзем ведаць, якія змены нам прапануюць, гэтыя лічбы ні аб чым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.