Выніковы пікет за Гайдукевіча: Мы разлічвалі на кірмаш, але яго адмянілі! (фота)
Апошні агітацыйны пікет Сяргея Гайдукевіча праходзіць на прыступках мінскага Палаца спорту і больш нагадвае карпаратыўную тусоўку Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Пад імправізаванай сцэнай стаіць некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў штаба кандыдата, некалькі журналістаў і два-тры мінакі, якія не затрымліваюцца больш чым на хвілін пяць, і змяняюць адзін аднаго.
“Бачыце, якое супадзенне, — каментуе нізкую цікавасць да акцыі выбаршчыкаў вядучы пікету і намеснік старшыні ЛДП Яўген Крыжаноўскі. — Дзікі холад і адмянілі кірмаш. Чаму адмянілі, я не разумею. Тут жа заўсёды праводзіцца кірмаш і самае цікавае, што ён быў у раскладзе. Мы разлічвалі, што тут будзе шмат людзей, якія прыйшлі на распродаж, на гандаль… Таму мы таксама вельмі здзіўленыя. Але мы задаволеныя тым, што правялі гэту акцыю, бо на сёння ніхто з кандыдатаў такую акцыю не праводзіў”.
Сам Сяргей Гайдукевіч з’яўляецца на пікеце з невялічкім спазненнем. Ён глядзіць выступы заслужанага артыста Беларусі Ігара Жука, шэраг нумароў ад навучэнцаў 2-й гімназіі Мінска, народнага калектыву “Гармонія” і незаўважна знікае. Алег Гайдукевіч разам з сям’ёй застаецца крыху даўжэй і нават бярэ слова, у якім нагадвае калегам не забыцца прагаласаваць.
“Ці можна было раней уявіць, што апазіцыйныя кандыдаты столькі часу правядуць у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў, на старонках вядучых газет, — падводзіць вынікі кампаніі спадар Крыжаноўскі і называе яе ўнікальнай ды самай моцнай. — Было дазволена агітаваць, дзе хочаш, раней такога таксама не было. І накал кампаніі вельмі высокі. Я разумею, што на Захадзе і ў той жа Расіі ўсё праходзіць яшчэ больш моцна! Але калі параўноўваць з тым, што ў нас было раней, то гэтыя крокі вельмі важныя і значныя. Для нас гэта паказчык таго, што перамены ўсё ж такі пачынаюцца”.
У падтрымку Гайдукевіча выступаюць Аляксандр Бабарыкін, больш вядомы па выступах на адборах Еўрабачання пад псеўданімам Алекс Нармалекс, класічны прадстаўнік беларускай эстрады Андрэй Шумак ды сябра ЛДП Аляксандр Шэндрык. Закрывае мерапрыемства вакаліст гурта “Без паники”, які заяўляе, што беларуская рок-музыка ― за Гайдукевіча. У гэты момант пад сцэнай ужо ледзь набіраецца чалавек дзесяць.
Агулам жа мерапрыемства мала чым адрозніваецца ад дзяржаўных святочных канцэртаў на малых сцэнах Дня горада. Той жа ўгар, але з палітычным падтэкстам.
“Па нашых падліках, Сяргей Гайдукевіч набірае не менш за 30%, — кажа Яўген Крыжаноўскі. — Але, як кажуць, чалавек мяркуе, а Бог размяркоўвае. Паглядзім, як яно там пойдзе. У кожным выпадку мы адчулі вельмі моцную падтрымку насельніцтва. Тыя сустрэчы, якія праходзілі ў Гомелі, Віцебску, малых гарадах… толькі Сяргей Васільевіч выходзіў з машыны, і ў той жа момант збіраўся натоўп людзей. Гэта кажа пра тое, што людзі жадаюць пераменаў і цікавяцца тым, хто ім іх дасць. І нават калі мы ўявім, што нешта ў падліку галасоў пойдзе не так, то ўсё роўна сапраўдныя адсоткі там, наверсе, убачаць і адрэагуюць”.