Выйшла кніга вершаў, якую Рыгор Барадулін напісаў ад рукі (фота)
У кнізе “Лепей” ёсць адно мацернае слова, белы верш ды тузін малюнкаў дачкі і ўнучкі паэта. А падарункам ідзе дыск, начытаны Зінаідай Бандарэнкай
Кніга “Лепей” не мае ніводнай друкаванай літары — усе вершы, а таксама нумары старонак, змест і выхадныя дадзеныя напісаныя Рыгорам Барадуліным ад рукі. Сюды ўвайшлі выбраныя рукапісы за 61 (!) год: ад 1952-га па верасень 2013-га. Ёсць як добра вядомыя, нават хрэстаматыйныя, гэтак і такія, што друкуюцца ўпершыню. Некалькі дзясяткаў вершаў напісаныя ў апошнія тры гады.
Апроч таго, да кнігі прыкладаецца аўдыёверсія, начытаная народнай артысткай Беларусі Зінаідай Бандарэнкай. А таксама камплект з 23 здымкаў, падпісаных на адвароце Рыгорам Барадуліным, ягонай мамай Акулінай Андрэеўнай і нават Уладзімірам Караткевічам.
Аўтограф Караткевіча на адвароце аднаго са здымкаў
З жонкай Валянцінай
Паэт, у якога за ўсё жыццё выйшла больш за 100 кніг, і сам дзівіцца.
Рыгор Барадулін: “Спачатку я паставіўся да гэтай ідэі асцярожна: як будзе?.. Потым яна мне падабалася ўсё больш і больш. А як убачыў гатовую кнігу, то падумаў, што ўсякага чакаў, але такога!..”
Праца над кнігай ішла паўгода. Для гэтага ўкладальнік Глеб Лабадзенка адсканаваў і прачытаў больш за 500 вершаў Барадуліна. У кнігу ўвайшлі 103.
Глеб Лабадзенка: “Самае неверагоднае было адкрыццё, наколькі Барадулін розны і шматгранны — прычым на суседніх старонках! Вось вам вершаваны пераспеў малітвы “Ойча Наш”, а поруч — верш пра пеўня, які “хоць худы, ды ёбкі”. Вось верш “Пусці ў душу Хрыста”, а цераз старонку — “Паганскія багі”…
З тым вершам пра пеўня выйшла камічная сітуацыя. Зінаіда Бандарэнка тры дні начытвала ў студыі аўдыёверсію — бо почырк Барадуліна зразумеюць не ўсе. А так уключыў дыск — і чытай ды слухай адначасова!
Глеб Лабадзенка: “Дужа пераймаўся, як шаноўная Зінаіда Бандарэнка паставіцца да гэтага верша пра пеўня. Як на злосць, слова “ёбкі” сустракаецца ў чарнавіку ажно 5 разоў!.. Але — што значыць, прафесіянал! — спадарыня Зінаіда нават не дрыгнула, чытаючы верш! І — трэба ж! — падчас запісу ў пакой увайшоў старонні супрацоўнік студыі, і проста аслупянеў, пачуўшы чытанне народнай артысткі: “хоць худы, ды ёбкі, хто худы — той ёбкі…”
Літаратуразнаўца Сяргей Шапран стаў адным з першых чытачоў кнігі. Сяргей прызнаецца, што не адарваўся, пакуль не прачытаў усё дарэшты.
Сяргей Шапран: “Ужо праз дзясятак вершаў узнікае ўражанне, што ты проста залез у шуфляду да паэта і цішком чытаеш ягоны нататнік. Бо вершы з крэсленнямі, выпраўленнямі, малюнкамі дачкі і ўнучкі, нататкамі на палях, нейкімі нумарамі тэлефонаў, цытатамі Быкава, прыгаданымі прымаўкамі… Апроч таго, прыкладзены да кнігі канверт са здымкамі падкупляе дарэшты. Усе здымкі рознага часу, рознага памеру, з цёплымі подпісамі на адвароце… Трапляюцца ўнікальныя — як здымак бацькі паэта, які ніколі не друкаваўся (бацька загінуў на вайне) і некалькі непублікаваных раней здымкаў мамы. Зноўку ж, адчуванне, што сам паэт перадаў табе паглядзець гэты канверт з сямейнымі фота!..”
Унікальны здымак бацькі паэта, які ніколі раней не друкаваўся
Апроч незвычайнай формы і сувенірнага аблічча, кніга мае каштоўнасць для будучых даследчыкаў.
Сяргей Шапран: “Многія вершы дайшлі да нас у кнігах у падпраўленым выглядзе. Нешта змяняў перад друкам сам аўтар. А што-нішто яму ў розныя часы правілі рэдактары ды цэнзары. Таму, чытаючы рукапісы, кожны з нас бачыць верш такім, якім ён нарадзіўся ў Барадуліна. І праца паэта над словам, якая добра відаць у кнізе, безумоўна, заслугоўвае асобнай ўвагі”.
Прэзентацыя кнігі “Лепей” адбудзецца ў сераду, 11 снежня, ад 17.00 да 19.00 у “Кніжным салоне” (Калініна, 5). Ад гэтага дня кніга з’явіцца ў продажы і ў іншых кнігарнях ды інтэрнэт-крамах. Звязацца з укладальнікам можна па адрасе [email protected]