"Я не буду называць лічбы, вы спалохаецеся". Перавозчыкі — пра чэргі на мяжы
На мяжы з ЕС аўтобусы стаяць па 12 гадзін
Новы год і Каляды беларусы традыцыйна імкнуцца сустрэць са сваёй сям'ёй. Не выключэнне і беларусы, якія жывуць за мяжой.
Напярэдадні каталіцкіх Калядаў чэргі на межах Беларусі і краін Еўрасаюза выраслі ў разы. Аўтамабілісты вымушаныя прастойваць па 50 і нават па 60 гадзін. Аўтобусы маглі затрымацца аж на 12.
З чым звязаны такі ажыятаж? Ці зменіцца сітуацыя пасля святаў? І прычым тут КДБ? Еўрарадыё распытала аўтобусных перавозчыкаў і пачытала чаты.
“Запасайцеся ежай, вадой, цёплай вопраткай”
У беларускіх эмігранцкіх чатах цяпер самая актуальная тэма — мяжа. Хтосьці хоча паехаць у Беларусь, хтосьці едзе ў адваротны бок. Аднак велічэзныя чэргі ствараюць гэтаму мноства перашкод.
— Ну дык з палову краіны з'ехала. Бацькі едуць дзяцей адведаць. А памежных пераходаў ужо не столькі. Пройдуць святы, і стане прасцей, — піша ў чаце беларуска.
Многія адзначаюць, што затрымкі звязаныя не толькі з вялікім ажыятажам перад святамі, але і з допытамі, якія ладзіць беларускі КДБ.
— Ішлі праз Брэст на аўтобусе. Былі першыя, польскую прайшлі за 30 хвілін, на беларускай завіслі на 8 гадзін. Дапытвалі чатырох чалавек з Украіны. І перад імі доўга глядзелі аўтобус. Як пашанцуе, — паведамляе ў адным з чатаў мужчына, які нядаўна прыехаў у Беларусь.
Пры гэтым людзі пішуць, што грамадзян Украіны, якія едуць у Беларусь, могуць даглядаць тры і нават пяць гадзін.
— Доўга ці нядоўга, але аўтобус чакае ўсіх да апошняга. І наогул, 12 гадзін на аўтобусе — гэта яшчэ не жэсць. На машыне людзі і па 64 гадзіны чакалі, — піша мужчына ў чаце.
У гэтых жа чатах беларусы ўжо жартуюць — маўляў, "дзівімся, што птушак не даглядаюць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.