Галоўная праблема ў тым, што зарэгістравацца ў электроннай чарзе на сайце нельга — трэба абавязкова прыехаць на памежны пераход.
Электронная чарга пасварыла беларусаў
Такі фармат электроннай чаргі спарадзіў крыўды кіроўцаў адзін на аднаго. У асноўным крыўдзяцца на брастчанаў, якія часта ездзяць у Польшчу.
— Сістэма не ўлічвае магчымасці іншых жыхароў Беларусі. Жыхар Магілёва, да прыкладу, сабраўся раз у паўгода выехаць у Еўропу на святы ў выхадныя. Прыехаў у Брэст за 500 кіламетраў, зарэгістраваўся ў чарзе і — двое сутак прачакаў. Плюс яшчэ паўдня будзе ехаць у зваротны бок. Урэшце з чатырох выхадных дзён у Еўропе ў яго застаецца адзін. А жыхар Брэста можа рэгістравацца ў чарзе, калі захоча, і спаць у цёплым ложку, — крыўдзяцца ў чаце.
І прапануюць уводзіць плату за частае перасячэнне мяжы.
— Толькі плата за частае перасячэнне мяжы зменшыць чаргу. Адзін раз на месяц праязджай бясплатна, больш — плаці прагрэсіўку за бізнес, — прапануюць у чаце.
Брастчанам такія прапановы не даспадобы:
— А каго і чаму павінны хваляваць чужыя праблемы? У Магілёва ёсць мяжа з РФ побач, там наогул чаргі няма, едзь як хочаш. Тыя, хто жыве ля заходніх межаў, не жаляцца з гэтай нагоды, — адказваюць у чаце на прапанову ў чым-небудзь ушчаміць брастчанаў.
У чаце ўносяць і кампрамісную прапанову: даць людзям магчымасць прыехаць у Белмытсэрвіс у абласных цэнтрах і там запісацца ў чаргу. А калі сістэма паведаміць, што ў чарзе засталося 100 машын, можна спакойна выязджаць у бок Брэста. Некаторыя ўдзельнікі чатаў, пакуль стаяць у чарзе, ужо адпраўляюць гэткую прапанову на электронную пошту Белмытсэрвісу.
Хтосьці вінаваціць у чэргах канікулы, хтосьці —"берасцейскіх барыг", якія, на думку чаргі, занадта часта ездзяць у Польшчу і ствараюць чэргі. У чым бы ні была прычына калапсу, у чаце сітуацыю лаканічна апісваюць так:
— Выбачайце, гэта ппц.
Калі вы едзеце на аўтобусе
Прайсці мяжу на аўтобусе можна за 23 гадзіны. Беларусы ўжо засвоілі лайфхак: "падсесці" ў бліжэйшы ад КПП аўтобус, каб пазбегнуць многіх гадзін у чарзе.
Некаторыя плацяць двойчы: спачатку купляюць квіток да Варшавы і даязджаюць да мяжы. А ўбачыўшы велізарную чаргу з аўтобусаў, спрабуюць перасесці ў той, што стаіць бліжэй да КПП. Але гэта самы нятанны варыянт.
Многія эканомяць: проста даязджаюць да Брэста на цягніку ці аўтобусе. А ў горадзе бяруць таксі, едуць да мяжы і ўжо там просяць кіроўцаў прадаць ім білет і ўзяць на борт.
Хутчэй за ўсё, пры такой колькасці людзей у чарзе падсесці ў першы аўтобус у вас не атрымаецца — ён будзе перапоўнены. Патрапіць у трэці ўжо лічыце за поспех.