Як мінчук спрабаваў трапіць у выбарчую камісію, а яму сказалі: "Месцаў няма”
Аляксандр Паравы / "Фэйсбук"
Застаўшыся без працы падчас пандэміі, мінскі прадпрымальнік Аляксандр Паравы вырашыў не губляць час дарма і падацца ва ўчастковую выбарчую камісію, каб "знутры даглядаць за тым, што адбываецца" на выбарах.
"Пра магчымасць быць не проста назіральнікам, а прымаць непасрэдны ўдзел у арганізацыі галасавання (весці ўлік выбаршчыкаў, выдаваць ім бюлетэні, а потым і падлічваць галасы за кандыдатаў) я даведаўся, чытаючы каляндарны план мерапрыемстваў, прысвечаны выбарам. Падумаў, што, калі пайду, змагу рабіць усё магчымае, каб на маім участку усё было паводле закону і без вольнасцей", — распавядае Еўрарадыё Аляксандр.
Заявы ад жадаючых трапіць у склад участковых камісій прымаюцца не пазней чым за тры дні да ўтварэння камісій. Гэта значыць да 21 чэрвеня. Вылучацца могуць прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, а таксама простыя грамадзяне.
29 траўня прадпрымальнік адправіўся ў раённы выканкам. Там здарыўся лёгкі "футбол" з кабінета ў кабінет, а потым адмова: маўляў, участковыя камісіі ўжо сфармаваныя, месцаў няма.
"Спачатку я зайшоў непасрэдна ў выбарчую камісію, якая знаходзіцца ў 408 кабінеце Фрунзенскага райвыканкама. Там мне нічога не адказалі. Я спусціўся ў прыёмную і ўдакладніў у сакратара, якім чынам я магу запоўніць заяву, дзе яе ўзяць. Яна зусім нічога не ведала і адправіла мяне ў аддзел ідэалогіі. Там адказалі, што гэтым пытаннем не займаюцца. За гэты час сакратар некаму патэлефанавала і паведаміла мне: "Вы спазніліся, усе камісіі ўжо сфарміраваны", — успамінае суразмоўца.
Прадпрымальнік абурыўся і напісаў скаргу.
Фальстарт
Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё звярнулася ў Цэнтрвыбаркам.
"Не будзем нікога абараняць, але, магчыма, тут адбылося нейкае непаразуменне, — кажуць у ЦВК. — Работнікі выканкама не зарыентаваліся ў сітуацыі. Можа быць, на месцы, не было патрэбнага спецыяліста. Сфармаваныя тэрытарыяльныя камісіі, участковыя яшчэ не фармаваліся".
У ЦВК растлумачылі, што, у адпаведнасці з каляндарным планам, утварэнне ўчасткаў для галасавання адбываецца не пазней чым за два месяцы да выбараў — да 7 чэрвеня. Гэтыя ўчасткі яшчэ не ўтвораны, невядомыя іх нумары і межы. Інфармацыя з'явіцца на сайтах адміністрацый раёнаў пасля 8 чэрвеня. З гэтага моманту і да 21 чэрвеня ідзе фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій.
"Вось тады хай бярэ заяву і нясе, — раяць прадпрымальніку. — І калі тады яму пачнуць зачыняць усе дзверы — будзе прадметная размова".
Давайце выконваць свой грамадзянскі абавязак
Пра свой досвед Аляксандр Паравы напісаў у "Фэйсбуку". Допісам падзяліліся 700 разоў!
Па словах прадпрымальніка, не ўсе беларусы наогул ведаюць, што ў іх ёсць магчымасць трапіць у склад участковых камісій. Каб аб'яднацца і аператыўна абмяркоўваць пытанні па ўступленні ва УВК, Аляксандр стварыў канал у “Тэлеграме”.
"Сябры, акрамя нас ніхто не зможа зрабіць выбары ў нашай краіне больш празрыстымі. Давайце браць на сябе гэтыя абавязацельствы, выконваць свой грамадзянскі абавязак і спрабаваць самастойна ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Бо калі на кожным участку будзе як мінімум па адным чалавеку, які сам хоча адказна кантраляваць гэты працэс, магчымасцей для маніпуляцый у камісіях стане значна менш", — заклікае прадпрымальнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.