Як расіянін Гуц здымаў кіно пра жнівень-2020, а паказаў прапаганду ад рэжыму
“Хай здымае свае фантазіі, але не называе іх імем горада, у якім я нарадзілася і вырасла”, — рэфлексуе адна з глядачак фільма “Мінск”, якім у нядзелю не без скандалу фінішаваў Фестываль беларускага кіно Bulbamovie ў Варшаве.
Першая гульнявая стужка расійскага рэжысёра Барыса Гуца, знятая ў Эстоніі нібыта пра беларускія паслявыбарчыя пратэсты, у сталіцы Польшчы з трэскам правалілася.
"Кіно, знятае марсіянінам. Чалавек прыляцеў на сваёй лятучай талерачцы ўглыб замесу, атрымаў па вушах, хуценька адрэагаваў і зляцеў. Якая глыбіня? Гэта кінакомікс", — выказаўся пасля паказу крытык Максім Жбанкоў.
Тупая моладзь, агрэсіўныя футбольныя фанаты і… мажорны “Тарайкоўскі”
Барыс Гуц кажа, што здымаючы сваё кіно, ён кансультаваўся з беларускімі сябрамі, але амаль кожная сцэна так званага “Мінска” выклікае абурэнне і рэакцыю “Не веру!” Асобная тэма — “маскоўскі акцэнт” актораў, але на заўвагу рэжысёр адказвае: маўляў, вы таксама размаўляеце па-руску.
Спойлер: замест трагедыі беларускага грамадства рэжысёр паказвае тупую п'яную моладзь, для якой пратэсты — толькі экшн, адбітых на ўсю галаву футбольных фанатаў, маці амапаўца, якая спачатку хавае галоўных герояў у кватэры, а пасля здае сыну (памятаеце такія гісторыі?), хлопчыка-мажора, які збіраецца ехаць у Лондан, але раптам у ім прачынаецца патрыятызм, ён выходзіць на вуліцу да сілавікоў, разводзіць рукі і яго забіваюць. Сцэна амаль цалкам паўтарае дакументальны кадр забойства Аляксандра Тарайкоўскага, у якога засталіся жонка і маленькае дзіця, што аднойчы, магчыма, таксама змогуць пабачыць кіно Барыса Гуца.
Таксама ў стужцы знайшлося месца анекдоту пра Пуціна, Лукашэнку і пінгвіна ад “змагара”, рэлігійнай праваслаўнай тэматыцы, якую моцна любяць выкарыстоўваць расійскія рэжысёры, сімвалу “вялікай расійскай культуры” — Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну, надпісу “Ё**ныя шлюхі” чамусці на сценах мэрыі (якой у рэальным Мінску проста няма) і бедненькім “коцікам-дзяўчатам”, якія застаюцца адны, калі герояў мужчынаў забіваюць: маўляў, “вось да чаго прывялі вашыя пратэсты”. Дарэчы, у фільме беларускі пратэст паказваецца менавіта праз гвалт — ніякіх там кветачак. Толькі бездапаможнае “мяў” галоўнай гераіні пад фінал.
Больш падрабязныя водгукі як звычайных гледачоў, так і беларускіх кіношнікаў можна знайсці праз пошук у сацыяльных сетках. Як выказваліся некаторыя з іх яшчэ пасля прагляду: “Стужка моцна нагадвае прапагандысцкую замову і, самае агіднае, што на нейкіх фестывалях яе аўтар ужо атрымаў узнагароды”. То бок глядзіце, замежныя гледачы: вось як у нас усё, аказваецца, там у Мінску было — безыдэйныя дэбілы і спроба гвалтоўнага перавароту.
Фэйкавае кіно, якое не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю
Пасля прагляду і “вогненнай” дыскусіі на фестывалі Еўрарадыё зладзіла стрым, каб даць слова беларускім рэжысёрам, якія, у адрозненне ад аўтара “Мінска”, добра ведаюць кантэкст пратэстаў 2020-га.
“Для свайго фільма Барыс Гуц выкарыстаў даволі дзіўны жанр, які падаецца мне недарэчным, — кажа рэжысёр Максім Швед. — Гэта “эксплатэйшн”, падчас якога эксплуатуецца пэўная тэма, у дадзеным выпадку — тэма гвалту. У стужцы яна паказана як набор падзеяў ці “атракцыёнаў”, герой пераходзіць ад аднаго да другога.
Дык вось, фільм зроблены дрэнна — нібыта турыстам, які прыехаў у Беларусь, нешта ўбачыў і зрабіў, не паглыбляючыся ў важныя дэталі”.
Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае: падчас дыскусіі расійскі рэжысёр сказаў, што не бачыць розніцы паміж расіянамі, украінцамі і беларусамі.
“Вось тут у гульню ўступае імперскасць, — заўважае Максім Швед. — Калі б такое кіно зрабіў беларус і зрабіў менавіта так, мяне таксама б яно абурыла. Але калі Гуц падкрэслівае, што гэта было зроблена яшчэ і без разумення нашай розніцы, тут я пачынаю абурацца нейкімі ідэалагічнымі пазіцыямі рэжысёра”.
Калі ў лютым ў “Фэйсбуку” з’явіўся бэкстэйдж са здымак серыяла “Акрэсціна” Андрэя Курэйчыка, ён таксама моцна абурыў беларусаў: маўляў “мы яшчэ не перажылі трагедыю, каб здымаць пра яе кіно, у турмах Беларусі — тысячы зняволенных за пратэсты”. Мо сапраўды варта пачакаць са здымкамі і не рабіць хайпу з таго, што адбываецца?
“Я б падзяліў дакументальнае кіно і гульнявое, — кажа рэжысёр. — Дакументальнае мае ўсё ж больш інструментаў, каб адрэфлексаваць падзеі. Я б не назваў гэта хайпам, калі гэтыя інструменты не ў руках Гуца. Гэта наша трагедыя і наш боль. Мы будзем здымаць яшчэ шмат сваіх фільмаў.
У гульнявой форме паказаць тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі складана. Гэта сапраўды выклік, і мы не маем дастатковай дыстанцыі, каб адлюстраваць беларускую трагедыю. Але вось падчас фестывалю быў прадэманстраваны фільм “Працэс” — дакладней, адна з частак серыяла, які задумалі зрабіць на тэлеканале “Белсат”. Гэта гульнявая камедыя, але, як мне падаецца, яна нашмат больш дарэчная ў дадзеным выпадку, чым “Мінск”. Такая спроба паказаць, што можна зрабіць нават нешта смешнае пра тыя падзеі, якія мы перажылі”.
Але і жанравасць, на думку Максіма Шведа, — не галоўная праблема. Нават у гульнявым кіно можна расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, але гэта трэба рабіць вельмі далікатна і прафесійна, разумеючы тэму:
“У Гуца не атрымалася, але ў нейкім сэнсе Гуц — наватар. Як мне падаецца, ён вынайшаў новы жанр. Можна здымаць “макьюментары” — гэта калі нібыта дакументальны фільм робіцца гульнявымі сродкамі. Гуц зрабіў “фэйк-макьюментары” — часам ты проста не разумееш тое, што бачыш на экране. Стужка падобная да дакументальнага кіно, але ў нейкіх момантах сюжэт настолькі далёкі ад рэчаіснасці, ад чаго складаюцца вельмі дзіўныя адчуванні”.
Сярод іншых стужак, якія зачапілі рэжысёра падчас фестывалю, Максім Швед вылучае фільм “Мара” Сашы Кулак і фільм “У жывым эфіры” Мары Тамковіч пра журналістак “Белсата” Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову.
Ва Украіне такі фільм забаранілі б, беларусы — цярпяць
“Гэта проста нельга паказваць!” — кажуць некаторыя гледачы “Мінска”, якія добра памятаюць падзеі 2020-га года і якія ўпэўненыя, што стужка проста абясцэніла ўвесь беларускі пратэст. Але ці варта займацца цэнзурай?
“Я лічу, што “Мінск” — гэта вельмі важны фільм для беларусаў, але трэба здымаць іншыя, — кажа Еўрарадыё рэжысёрка Улада Сянькова. — Калі не будзе іншых фільмаў, усе будуць думаць пра пратэсты так, як зняў Гуц. Тым не менш, для мяне “Мінск” паставіў кропку ў тым, каб размаўляць на расійскай мове. У стужцы няма ні мяне, ні маіх сяброў. Гэта не беларусы. Каб такіх фільмаў не было, нам варта размаўляць па-беларуску ці хоць бы на трасянцы.
Падчас абмеркавання фільма нейкая жанчына ўстала і сказала, што гэты фільм ёй быў патрэбны, каб зразумець, што беларусы і рускія — розныя людзі. Лічу, што мы можам падзякаваць Гуцу за гэтае разуменне”.
Рэжысёрка ўпэўненая, што калі б такі фільм знялі пра Украіну, то там бы яго забаранілі і Барыс Гуц больш бы ніколі не здымаў такое кіно:
“Нам так рабіць не трэба, але мы павінны выказваць тое, што адчуваем, каб свет бачыў, што мы — беларусы, што мы — іншыя, а расіяне проста не могуць здымаць цяпер пра нас ніякія фільмы.
Я лічу, што трэба рабіць зварот. Але беларусы — вельмі інтэлігентны народ і не хочуць спрачацца”.
Меркаванне калегі падзяляе рэжысёр Максім Швед:
“Трэба выцягваць сітуацыю з нашай “бурбалкі” ў нейкі вонкавы свет, каб проста пазначыць сваю пазіцыю: у фільме няма адлюстравання беларускай рэчаіснасці і нам ён падаецца нецікавым. Натуральна, рабіце што хочаце, але вось мы сваю пазіцыю пазначаем. Для нас гэта сітуацыя — магчымасць нагадаць, што мы — іншыя”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.