Як здаць тэставанне на ўсе 100

Як здаць тэставанне на ўсе 100

14 чэрвеня абітурыенты здаюць наступны тэст, гэтым разам па рускай мове. Збіраем парады ад спецыялістаў, як гэта зрабіць найлепш. Больш адпачываць, нічога не паўтараць і выспацца перад першым іспытам, раіць за дзень да пачатку тэставання псіхолаг Кацярына Васілеўская:

“Нельга грузіць галаву матэрыялам у апошні дзень — усё можа пераблытацца. Калі чалавек верыць у талісманы, то хай імі карыстаецца. Калі верыць чалавек, што іспыт можна здаць толькі у чырвоных майтках — хай апранае. Калі ёсць нейкі канкрэтны талісман, які яму дапамагаў раней, хай бярэ. Але моцна заганяцца на гэты конт не варта. Трэба добра выспацца, бо ад гэтага структуруюцца веды. Адпачываць трэба так, як чалавек прызвычаіўся. Калі на ровары пакатацца — то на ровары. Камусьці і ў кіно пайсці можа дапамагчы”.

На самім іспыце варта глыбока дыхаць і канцэнтравацца на сабе, працягвае Кацярына:

“Можна канцэнтравацца на сваіх адчуваннях, дыханні ці частках цела. Не думаць, што ты хвалюешся, а думаць пра тое, ці зручна ты сядзіш, як ногі стаяць ды інш”.

Не пераймаць хваляванні іншых у аўдыторыі падчас іспыта — такія парады дае рэпетытар па беларускай і англійскай мовах Анастасія.

“Не варта трапляць пад агульнае адчуванне гэтага хвалявання. Працуеш у спакойным тэмпе, бярэш заданні і робіш, спакойна. Бо там бываюць тыя, хто ламае асадкі ці нават страчвае прытомнасць”, — прыгадвае разам з Еўрарадыё свае іспыты рэпетытар.

Непасрэдна перад экзаменам рэпетытар раіць не вучыць, а больш адпачываць на свежым паветры ў першай палове дня. Інакш можа скласціся ўражанне, што нічога не памятаеш.

Мінчанка Вольга Шыраева летась здае на сто балаў матэматыку. Залатая медалістка, выпускніца першага мінскага ліцэя рыхтавалася год разам з настаўнікамі і рэпетытарам. Вось такі яе рацэпт поспеха.

"Трэба было сабрацца з думкамі, цэлы год нешта павучыць, падцягнуцца. Але тэставанне на сто балаў — гэта рэальна, і я не думала, што так атрымаецца. Я не магу сказаць, што я вельмі-вельмі напружвалася і не спала начамі. Па раніцах перад іспытамі ў мяне быў абрад: з'есці шакаладку з вялікім кубкам кавы. З-за гэтага мазгі прачынаюцца".

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася больш за 92 тысячы абітурыентаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі