Як змяняецца жыццё невідушчых у Беларусі дзякуючы новым праектам?
Вікторыя Яфімава і Яўген Маркевіч / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Нягледзячы на грамадскія стэрэатыпы, людзі з інваліднасцю па зроку стараюцца жыць поўным жыццём. Яны не сядзяць дома ў чатырох сценах. Многія з іх падарожнічаюць, займаюцца музыкай і спортам. Для іх вельмі важная падтрымка, але ні ў якім разе не шкадаванне.
У 2018 годзе стартаваў маштабны праект "Інтуітыўны футбол Беларусі", ключавой кропкай якога стаў Турнір па інтуітыўным футболе. Ён аб'яднаў 156 спартсменаў з усёй краіны. У рамках адных спаборніцтваў гулялі футбалісты і катэгорыі В1, і катэгорыі В2-В3 (да гэтага ў Еўропе ўсе спаборніцтвы для гэтых катэгорый спартсменаў праводзіліся асобна, а ў Беларусі спаборніцтваў такога маштабу проста не было). У дадатак, беларускі турнір прыцягнуў інклюзіўных гульцоў. У камандах разам з невідушчымі гулялі людзі з нармальным зрокам, надзеўшы на вочы павязкі. Гэта стала вялікім крокам на шляху да развіцця інклюзіўнага грамадства.
У студзені стартаваў праект "Агучаныя маршруты", які павінен спрыяць больш лёгкім і бяспечным шпацырам невідушчых. Пілотныя маршруты прэзентавалі ў Мінску і Віцебску.
Як працуюць гэтыя праекты? Чым яны дапамагаюць невідушчым і са слабым зрокам? Якіх яшчэ ініцыятыў не хапае для развіцця інклюзіўнага грамадства? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць госці Еўрарадыё — невідушчы футбаліст, удзельнік міжнародных бегавых марафонаў Яўген Маркевіч і каардынатарка згаданых праектаў Вікторыя Яфімава.