Якія прапановы ў бюджэт-2015 будуць разглядаць падчас другога чытання?

У першым чытанні дэпутаты прынялі самы важны для краіны законапраект — бюджэт-2015 — за 50 хвілін. Гэта з улікам выступаў і абмеркавання, якое цягнулася каля 20 хвілін. Цяпер яго рыхтуюць да другога чытання. Мы вырашылі пацікавіцца, якія праўкі дэпутаты ўносяць у бюджэт.

"Было шмат прапановаў. Галоўная прапанова — аптымізацыя расходаў. Каб мінімізаваць расходы ў розных галінах. Гэта мая кардынальная прапанова. Мы шмат трацім сродкаў там, дзе іх можна было траціць менш", — дэпутат Мікалай Іванчанка агучыў гэтую прапанову яшчэ падчас падрыхтоўкі бюджэту.

Цяпер ідзе працэс дапрацоўкі, бо "прапановы з'яўляюцца штодзень. Думкі нараджаюцца, гэты працэс нельга рэгламентаваць", — кажа дэпутат. Праўда, высвятляецца, што думак не тое каб шмат.

"У абмеркаванні бюджэту я ўдзельнічаў. І ад нашай дэпутацыі брэсцкай, там Паліціка Вольга Сяргееўна выступіла па пошліне і яе размеркаванні, — кажа дэпутат Уладзімір Базанаў. — Што да нацыянальнай бяспекі, то я ўваходжу ў камісію па нацыянальнай бяспецы, мы ўсё фінансаванне, усе пытанні збіраліся і абмяркоўвалі".

Дэпутаты столькі абмяркоўвалі нацбяспеку, што не заўважылі, якая цана нафты закладзеная ў бюджэт. А мы ведаем, што на 2015 урад разлічвае на 83 долары за барэль (ён ужо меншы за 60 і пакуль не збіраецца расці). І на расійскі рубель па 43 за адзін долар (ужо больш за 70 і не спыняецца).

Дэпутат Аляксандр Юркевіч раіць звярнуцца ў камісію па бюджэце і фінансах, дзе ўсё раскажуць. Да калегі з гэтай жа камісіі раіць звярнуцца дэпутат Алена Бераснёва.

Асабіста дэпутаты звычайна не высоўваюць прапаноў, тлумачыць Аляксандр Юркевіч.

"Асабіста... мы абмяркоўваем у камісіі і выпрацоўваем канкрэтную прапанову ў камісіі".

Цікавімся ў старшыні камісіі па бюджэце і фінансах, якія ў выніку прапановы дэпутатаў рыхтуюцца да разгляду ў другім чытанні. Думкі, канечне, могуць з'яўляцца пастаянна, але пакуль ідэямі ніхто не сыпле. 

Тры прапановы, якія агучвалі падчас абмеркавання ў авальнай зале, так і засталіся на разгляд у другім чытанні, якое з такім поспехам таксама будзе хуткім.

Першае, што хвалюе дэпутатаў, — гэта крытэры размеркавання "транспартнага падатку" паміж бюджэтамі абласцей і бюджэтам Мінска. Другое важнае пытанне — грошы на мадэрнізацыю ліфтаў. Гэта, вядома, важнейшае для народа, чым падзенне эканомікі краіны, куды ў нас ідзе большасць экспарту. Прасачыць за станам ліфтаў прапанаваў дэпутат Леанід Кавалевіч з Івацэвічаў.

Таксама дэпутаты прапанавалі звярнуць увагу на павелічэнне будаўніцтва жылля для дзяцей без бацькоў. Яно і так будуецца, але трэба ж пашыраць. Як гэта адаб'ецца на бюджэце, пакуль невядома.

Што ж да такога пытання, як занадта аптымістычныя прагнозы па цэнах нафты і курсе расійскага рубля, то гэтае пытанне не закраналі.

"Асабіста маё меркаванне, што бюджэт сфармаваны з улікам умоваў і прыярытэтаў, у якіх працуе наша эканоміка. Усё ўзважана, грунтоўна. Мы ведаем, што параметры рэалістычныя. І я лічу, што ўсё гэта ўлічана. І праект рэспубліканскага бюджэту, і падыходы да сацыяльна-эканамічнага развіцця грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным годзе. Таксама актыўна ўдзельнічалі дэпутаты ў разглядзе бюджэту. І бачна, што сёння, з улікам эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і ўплыву знешнеэканамічных фактараў, бюджэт сфармаваны рэалістычна і адпавядае параметрам і, галоўнае, дзяржаўнай палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне", — кажа Людміла Дабрыніна.

А што да цэнаў нафты, то тут, маўляў, немагчыма ўсе рызыкі пралічыць і не ўсё залежыць ад нас. Галоўнае — гэта выплаты пенсій, дапамогі, заробкаў бюджэтнікам і, вядома ж, ліфты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі