Якія рэформы патрэбныя беларускай арміі? Расказ афіцэра пра праблемы ў войсках

Суботнік у адной з вайсковых часцей Беларусі / Мінабароны Беларусі
Суботнік у адной з вайсковых часцей Беларусі / Мінабароны Беларусі

У прапагандысцкіх відэароліках і фотасправаздачах ад Мінабароны Беларусі ў вайскоўцаў заўсёды ўсё добра. То яны на вучэннях "дэманструюць выдатныя вынікі", то ім ключы ад кватэр уручаюць — і ўсё ў такім духу.

Вось толькі пра праблемы вайскоўцаў публічна згадваецца рэдка. Афіцэр, які нядаўна звольніўся з шэрагаў беларускіх Узброеных сіл, расказвае Еўрарадыё пра тое, што адбываецца ў войсках і што ў іх трэба мяняць у першую чаргу.

 

У акадэмію ідуць, каб быў "стабільны заробак"

Максім (імя змененае) праслужыў больш за дзесяць гадоў. Па яго словах, за гэты час асноўныя праблемы беларускага войска нікуды не зніклі.

— Сярод усяго іншага ёсць няправільная сістэма адбору афіцэрскага складу і яго падрыхтоўкі, — кажа экс-вайсковец. — Яшчэ тады, калі я паступаў у Ваенную акадэмію, намалявалася праблема з якасцю кандыдатаў для паступлення. Ужо ў мой час існавалі недаборы, дзясяткі чалавек на кожную спецыяльнасць. У рамках факультэта часам даходзіла амаль да сотні. У выніку зніжаўся прахадны бал.

Акрамя таго, не праводзіўся належны маральна-псіхалагічны адбор. Упор рабіўся не на паводзіны ў стрэсавых сітуацыях ці нешта блізкае да гэтага, а на "ці не дурань ты". Усё гэта прывяло да таго, што я нават сярод сваіх аднакурснікаў ведаў шмат "хлопцаў з вёскі", матывацыя якіх выглядала як "забяспечаны жыллём, стабільная, годная заработная плата".

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Падпалкоўнік з граблямі / Мінабароны Беларусі

— Ёсць у войску праблемы з размеркаваннем фінансаў, — працягвае Максім. — Маю на ўвазе не столькі заробак вайскоўца, колькі нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў, якімі могуць распараджацца для навучання, закупкі абсталявання і аснашчання. Нават для вырашэння простых бытавых пытанняў — напрыклад, расходы на прынтар, на паперу для яго і гэтак далей.

Сярод асноўных праблем таксама фармалізм [у падыходзе да выканання службовых абавязкаў. — Еўрарадыё] і ўзровень баявой падрыхтоўкі, якая грунтуецца на досведзе войнаў мінулага стагоддзя.

 

Падхалімаў і баязліўцаў замяніць на ідэйных людзей

Што ў беларускім войску трэба рэфармаваць у першую чаргу?

— Звольніць усіх вайскоўцаў, якія маюць замежную адукацыю (у тым ліку расійскую), а таксама забараніць яе атрыманне, — лічыць Максім. — Акрамя таго, усе кіраўнічыя і камандзірскія пасады трэба запоўніць ідэйнымі людзьмі, якія адчуваюць асабістую адказнасць. Павінны быць людзі, здольныя аналізаваць і прымаць самастойныя рашэнні, а не падатлівыя падхалімы і баязліўцы, няздольныя запярэчыць начальству.

 

Псіхолаг павінен дапамагаць, а не "выяўляць здраднікаў"

Што яшчэ трэба для таго, каб вайсковая машына пачала нармальна працаваць?

— Ідэалагічная падрыхтоўка павінна быць заснаваная на выхаванні спагады, каштоўнасці жыцця кожнага чалавека, ролі сям'і, павазе да ўсіх — нават паміж сабой, — падкрэслівае Максім. — Працу псіхолагаў трэба перавесці з ідэалагічнай апрацоўкі і "выяўлення здраднікаў" на збор і аналіз інфармацыі пра праблемы, якія маюць вайскоўцы.

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Ці дапамагаюць чарапахі салдатам аднаўляць псіхалагічную раўнавагу? / Мінабароны Беларусі

— Цяпер у войсках выкарыстоўваюцца прынцыпы замены паняццяў, прынцып "агульнай гісторыі", — працягвае афіцэр. — Пабудова сістэмы кіравання грунтуецца на ўнушэнні вайскоўцам "стану нікчэмнасці і небяспечнасці цывільнага жыцця", а таксама "неаплатнага доўгу" за тое, што табе далі магчымасць "годнага грашовага забеспячэння, ільгот і больш якаснага медыцынскага абслугоўвання".

Натуральна, што калі ўзяць паперку і асадку, распісаць канкрэтна ўсе льготы, то вы ўбачыце, што практычна нічога няма.

 

Забараніць "рабства"

Наш суразмоўнік кажа, што ў вайсковым заканадаўстве неабходна ліквідаваць "рабаўладальніцкія прынцыпы".

— Гэта, напрыклад, абавязак выплаты грашовых сродкаў за навучанне, — тлумачыць мужчына. — Былі выпадкі, калі некаторыя курсанты разумелі, што гэта не іх дарога, але не маглі адлічыцца з акадэміі з прычыны таго, што ўжо вінныя вялікія грошы [якія дзяржава выдаткавала на іх забеспячэнне, пражыванне, падрыхтоўку і іншае. — Еўрарадыё].

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Дзень адчыненых дзвярэй у Ваеннай акадэміі Беларусі / Мінабароны Беларусі

Яшчэ адна пастка: пры заключэнні другога і наступных кантрактаў вайскоўцу выплачваюць аднаразовае грашовае ўзнагароджанне. Вось толькі калі ён вырашыў звольніцца да заканчэння тэрміну, то грошы яму давядзецца вярнуць.

— Можна ж зрабіць выплаты пасля выканання кантракта, — мяркуе Максім. — Мала хто здольны грошы схаваць і не чапаць да выканання абавязацельстваў.

Акрамя таго, трэба забяспечыць прававую абароненасць вайскоўцаў. У іх павінна быць магчымасць абароны сваіх правоў шляхам звароту ў непадкантрольныя Мінабароны арганізацыі і аб'яднанні, незалежныя органы пракуратуры і гэтак далей.

 

Ліквідаваць "палачную сістэму"

Еўрарадыё: Вы згадвалі, што ў войсках неабходна выкараніць "палачную сістэму". Што гэта такое?

Максім: Просты прыклад — на факультэт Ваеннай акадэміі, умоўна, патрабуецца 200 чалавек. Колькасць тых, хто падаў дакументы, меншая, чым "спусцілі зверху".

Каб пазбегнуць пакарання, кожная службовая асоба пачынае ціснуць на ніжэйшага падначаленага [з патрабаваннем знайсці курсантаў што б там ні было]. Потым робіцца дадатковы набор з аншлагамі па ўсіх навучальных установах краіны і спробамі перацягнуць да сабе тых, хто ўжо паступіў. Пры гэтым якасць кандыдатаў зніжаецца.

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Дзень адчыненых дзвярэй у Ваеннай акадэміі Беларусі / Мінабароны Беларусі

Максім: Другі прыклад палачнай сістэмы — расход паліва, скажам, за квартал. Кожны камандзір і начальнік па сваім кірунку, аж да камандаванняў і падраздзяленняў Мінабароны, імкнецца далажыць: "За гэты квартал мы зрасходавалі дызельнага паліва на столькі і столькі менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года". Але ж дарогі карацейшымі не сталі і тэхніка з узростам расходуе ўсё больш і больш паліва.

Потым узнікае сітуацыя, калі які-небудзь генерал ставіць у віну ніжэйшаму камандзіру, што "раптам" здарыўся перарасход. У выніку камандзіры часцей часам не могуць у поўнай меры арганізаваць перавозку чаго-небудзь, а таксама зрываюцца на ніжэйшых камандзіраў падраздзяленняў і начальнікаў службаў. Неаднаразова ведаў выпадкі, калі некаторыя афіцэры дакуплялі паліва са сваёй кішэні, а часам раскідвалі суму на падраздзяленне.

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Тэхніка ў парках стаіць далёка не новая / Мінабароны Беларусі

Упор на баявую падрыхтоўку замест гаспадарчых работ

— Таксама лічу, што трэба забараніць прымяненне вайскоўцаў у сферах будаўніцтва, рамонту памяшканняў, акультурвання тэрыторый і да таго падобнага, — перакананы афіцэр. — Дый наогул варта адмовіцца ад рэканструкцыі або аднаўлення якіх-небудзь аб'ектаў. Танней і якасней стварыць новы.

Думаю, што і ад тэрміновай службы трэба адмовіцца. Калі палічыць, колькі грошай ідзе на забеспячэнне тэрміновай службы, то за плюс-мінус такія ж грошы мы будзем мець не 60-70% салдат, якія лічаць дні да дэмбеля, а прафесіяналаў сваёй справы, якія любяць сваю працу.

Какие реформы нужны белорусской армии? Рассказ офицера о проблемах в войсках
Беларускія салдаты тэрміновай службы на "псіхалагічнай паласе перашкод" / Мінабароны Беларусі

— Яшчэ неабходна рознага роду планаванне ажыццяўляць на падставе патрэб і рэальных магчымасцяў. Правесці рэарганізацыю пасад. Адысці ад прынцыпу сумяшчэння і зліцця некалькіх пасад на аднаго вайскоўца. Трэба паменшыць дакументаабарот, выключыць дубляванне звестак.

Яшчэ варта задумацца пра рэфармаванне ваеннай адукацыі. У вайскоўца павінна быць магчымасць прымянення ў цывільных галінах сваіх ведаў і навыкаў пасля звальнення са службы.

Агалоску ўсіх гэтых праблемных пытанняў неабходна рабіць на высокім узроўні — напрыклад, на ўзроўні парламента, — рэзюмуе афіцэр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі