“Яны ў горадзе подпісы за кандыдатаў збіраюць, а на вёску — напляваць!"

“Ну што, у вас там у Мінску ўжо пачалася таўкатня з тымі выбарамі?” – нечакана цікавіцца цешча. Вядома ж, тэлевізар ёсць у кожнай вясковай хаце і пра тое, што ў краіне пачалося, цешча ведае. Як і пра тое, што зараз ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы за вылучэнне сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі. Тым не менш вырашаю крыху пажартаваць з мясцовай “актывісткі”.

— А вы каго запомнілі з тых, хто гэтым разам хоча ў прэзідэнты ісці?

— Вой, я нікога не чула! Яны там талдычуць толькі пра тое, што пісаць, як запаўняць тыя… А так я табе нічога сказаць не магу – нікога не чула.

І раптам становіцца цікава: ці даедуць зборшчыкі подпісаў у гэтую канкрэтную вёску Крамянец, каб расказаць мясцовым выбаршчыкам пра сваіх прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта? Пытанне, на якое можна знайсці адказ шляхам параўнання з мінулымі выбарамі.

— За ўсе выбары прэзідэнцкія, што ўжо ў нас былі, ці прыязджалі ў вашу вёску якія зборшчыкі – агітавалі падпісацца за нейкага прэтэндэнта?

— Было, а як жа! Сам Вабішчэвіч, старшыня сельсавета, ездзіў, і старшыня калгаса ездзіў! Падсуне: за гэтага падпісвайся – і ўсё!

— І за каго ж старшыня калгаса і сельсавета маглі збіраць подпісы? – усміхаюся.

— Я ўжо не памятаю, за каго мы тады падпісваліся, але ж пісаліся… Але ж гэта тады было – гадоў 15 ці больш таму, я ўжо і не памятаю, за каго мы тады пісаліся…

Трэба адзначыць, што вёска Крамянец не з тых беларускіх вёсак, што згубіліся ў лясах Белавежскай пушчы ці балотах Палесся, – яна ўсяго за 50 кіламетраў ад Мінска. Прычым зусім недалёка ад папулярнай ў летні перыяд трасы Мінск-Мядзель. Няўжо нават сюды за подпісамі выбаршчыкаў апаненты ўлады не даязджаюць? Іду да суседкі – бабы Надзеі. Яна таксама ведае, што выбарчая кампанія пачалася, але за каго збіраюць подпісы – ніводнага прозвішча назваць не можа. Цікаўлюся: ці былі калі ў Крамянцы зборшчыкі подпісаў? Тая, як заўжды, за словам у кішэню не лезе.

— Ніколі! Ніхто ніколі не прыязджаў і не пытаўся. Гэта ў горадзе яны там усё збіраюць, а ў вёску – напляваць ім!

— Добра, а калі дзень выбараў – тады як?

— А тады прынясуць бюлетэнь ажно ў хату! З Калачэй гэтыя правіцелі калгасныя прынясуць і дадуць паперку: “Прагаласуй і ў скрыню ўкінь!” І ўсё.

— Што, і пальцам пакажуць дзе птушачку паставіць?

— Дзе яны паставяць – я там распішуся, і ўсё. Такія справы. Гэта моладзь, яны там, можа, будуць перабіраць, а мне – ці Лукашэнка, ці другі які там начальнік будзе… Пакуль сабе не нахапаюцца, дык на нас напляваць!

— А на гэтых выбарах за каго галасаваць будзеце?

— А халера іх ведае! Я стары чалавек, мне 80 гадоў, дадуць паперку, я ўкіну – і ідзіце!..

У Беларусі каля 10 тысяч вёсак, у якіх жыве каля 25% насельніцтва краіны. І пераважная большасць з іх – гэта выбаршчыкі з правам голасу. Але выглядае на тое, што і гэтым разам вяскоўцаў пазбавяць права выбару – хто ў выніку будзе змагацца за прэзідэнцкае крэсла.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў шчыра прызнаецца: збіраць подпісы па вёсках яны не будуць.

“Не, на сёння мы свае сілы накіроўваем на вялікія гарады, бо там прасцей сабраць патрэбную колькасць подпісаў і гэта адбываецца хутчэй. Задача зараз сабраць подпісы, гэта галоўнае. Бо не будзе потым ні вёсак, ні гарадоў”.

Потым — маецца на ўвазе падчас агітацыі за свайго кандыдата. Але і на гэтым этапе вяскоўцы хутчэй за ўсё будуць пазбаўленыя шчасця на ўласныя вочы пабачыць жанчыну-кандыдата ў прэзідэнты – асабліва не да паездак па малых населеных пунктах будзе. І сапраўды, навошта? Калі, па словах Дзмітрыева, інфармацыю пра іх кандыдата вяскоўцы змогуць паспяхова атрымаць з тэлебачання ды газет. Ну калі толькі раптам нейкі “лятучы пікет” выпадкова ў вёску на гадзінку заскочыць.

                            Таццяна Караткевіч

Не змогуць вяскоўцы аддаць свой подпіс і за вылучэнне Анатоля Лябедзькі – яго зборшчыкі таксама па вёсках не паедуць. Аргументы ў кіраўніка ініцыятыўнай групы лідара АГП Віктара Карнеенкі тыя ж: у горадзе сабраць подпісы лягчэй і хутчэй. З калегам згодны і Валерый Ухналёў, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідара “Справядлівага свету” Сяргея Калякіна.

“Прыедзеш на вёску, паходзіш, пагаворыш, збярэш тры подпісы, не больш, – гэта не рацыянальна”.

                                          Анатоль Лябедзька

Ну і яшчэ важны момант: недахоп рэсурсаў – і людскіх, і матэрыяльных. “Гэта ж колькі трэба паліва і людзей, каб усё вёскі аб’ехаць!” – спрабуе тлумачыць “на пальцах” эканаміст Віктар Цярэшчанка. І дэманструе “нетрадыцыйны падыход” да вырашэння вясковага пытання:

“Усе яны (вяскоўцы – Еўрарадыё), нават пенсіянеры, абавязкова прыязджаюць на рынак у райцэнтр раз на тыдзень, у нядзелю. І гэта магчымасць данесці прозвішча, збор подпісаў і інфармацыю да гэтых людзей на гэтым этапе”.

Не ведаю: у суботу цешча была ў райцэнтры – ездзіла ў Лагойск у паліклініку лячыць зуб. Але ніхто ў яе там подпіс за свайго прэтэндэнта не выхапіў. Ці то прычына ў тым, што была ў райцэнтры не ў нядзелю, ці то ў тым, што на рынак не заходзіла… 

І толькі ў ЛДПБ сцвярджаюць, што гэтым разам яны ахопяць зборам подпісаў і агітацыяй за Сяргея Гайдукевіча 2/3 Беларусі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра гарады ды пасёлкі, але і вёскі рознага памеру, упэўнівае Алег Гайдукевіч. Ну і, можа, гэтым разам старшыні “калгасаў і сельсаветаў” знойдуць час сабраць у вяскоўцаў подпісы за “свайго” кандыдата. Інакш атрымаецца, што на гэтым этапе амаль 20% выбаршчыкаў проста будуць у чарговы раз пазбаўленыя магчымасці “вырашыць лёс краіны”.

                            Сяргей Гайдукевіч

Фота: Змітра Лукашукаs13.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі