Ярашук: Улады адчайна хочуць звярнуць на сябе ўвагу
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук разважае пра методыку і магчымыя вынікі фарміравання ўладамі Беларусі "чорнага спісу".
Еўрарадыё: Вы правяралі нейкім чынам, ці знаходзіцеся ў чорным спісе?
Ярашук: Я нават не ставіў перад сабою мэты, каб нейкім чынам мець такую інфармацыю. З упэўненасцю магу сказаць, што я там знаходжуся. Зыходзячы з гэтага, калі мне трэба было выязджаць у Брусэль на спатканне Пан-еўрапейсай Рады прафсаюзаў, я гэта рабіў праз Маскву. Маючы на ўвазе, што мяжы з Расійскай Федэрацыяй у нас няма.
Еўрарадыё: То бок, вы збольшага прафілактычна вырашылі ехаць праз Маскву…
Ярашук: Так. І апошнія падзеі пацвярджаюць мае здагадкі наконт прысутнасці майго прозвішча ў спісах. Мы ведаем, што адбывалася апошнімі днямі, маючы на ўвазе выпадак Жанны Літвіной, Алега Гулака. Можна ўжо казаць пра тое, што гэтыя спісы сфарміраваныя і яны дзейнічаюць.
Еўрарадыё: Якім чынам маглі складацца гэтыя “чорныя спісы”?.. Ці былі яны падрыхтаваныя загаддзя, ці ўлады кагосьці туды заносілі паспехам, хто трапіўся пад гарачы зуб?
Ярашук: Нельга казаць пра нашую ўладу, што яна дзейнічае неяк стратэгічна. Стратэгіі няма ніякай – ні палітычнай, ні эканамічнай. Таму, я лічу, што гэта былі нейкія спантанныя дзеянні. Можа, пачыналася з таго, што хтосьці патрапляў ім пад руку. Важны быў і асабісты чыннік. Такая ў нас улада, што дзейнічае паводле прынцыпу “вось гэтага я абсалютна не люблю”. Можа, той там і не робіць надта вялікай шкоды, але нейкім чынам абражае, чапляе і г. д. Цяпер гаворка ідзе пра тое, што гэтыя спантанныя дзеянні выліваюцца ў фарміраванне нейкіх канкрэтных спісаў.
І мне здаецца, што гэтыя спісы будуць адвольна мяняцца ў залежнасці ад таго, як будзе мяняцца сітуацыя. Тое, што цяпер адбываецца, наўпрост звязанае з праблемамі ў дачыненні да Еўрасаюза. Гэтым ўлады хочуць адчайна звярнуць на сябе ўвагу, каб усё ж такі ўступіць у нейкія перамовы, каб урэгуляваць адносіны з Еўрапейскім Саюзам. Яшчэ адна рэч – гэта Расія. Мы ведаем, што робяцца захады, каб унутраныя праблемы Беларусі зрабіць праблемамі расійскімі. Гэтым самым улады хочуць звесці ілбамі Расію і Еўрасаюз у канфлікце наконт лёсу Беларусі.
Еўрарадыё: Ці не здаецца вам, што палітыка Еўрасаюза можа прывесці да завастрэння абмежаванняў з боку беларускіх уладаў? Ці санкцыі Еўрасаюза яшчэ больш не ўзлуюць Мінска?
Ярашук: Можа і ўзлуюць. Але такая злаба выклікае больш смеху, чым нейкай боязі і страху. Магчымасці такога кшталту рэжымаў, як у Беларусі, абмежаваныя. Выглядае, што гэта своеасаблівая агонія. Гэты папяровы тыгр – тыгр без зубоў. Не выглядае на тое, што кагосьці гэта палохае. Тут няма што казаць, што датычыць невыязных. Цяпер усе будуць акуратна рухацца ў напрамку Расеі, і адтуль выяжджаць ужо ў краіны Еўрапейскага саюза. І гэтым самым таксама будзе прадэманстраваны ўвесь абсурд дзеяння ўлады. Вагавыя катэгорыі двух гульцоў – ЕС і Беларусі – настолькі розныя, што няма прычын разважаць пра тое, што беларускі рэжым можа неяк адэкватна адказаць на захаты Еўрапейскага саюза, што прымушае веесці сябе цывілізавана, прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў таксама ў міжнародных адносінах.
***
Нагадаем, яшчэ 29 лютага партал TUT.BY са спасылкай на “крыніцу, блізкую да кіраўніцтва краіны”, паведаміў, што створаны спіс са 108-і невыязных асобаў. У іх ліку называўся і Аляксандр Ярашук.