З пачатку года БелАЗ зарабіў усяго 5,56 млн рублёў
БелАЗ зарабіў усяго 5,56 млн рублёў / belaz.by
З пачатку года чысты прыбытак БелАЗа атрымаўся ў 47 разоў меншым, чым за 2019 год. Да 1 жніўня 2020 года завод зарабіў усяго 5,56 млн рублёў — гэтая інфармацыя змяшчаецца ў праспекце эмісіі аблігацый БелАЗа на Беларускай валютна-фондавай біржы.
На 1 студзеня 2020-га чысты прыбытак завода-гіганта складаў 265,6 млн рублёў. Вяртання да такога паказчыку БелАЗ чакае няхутка. У наступным годзе прадпрыемства плануе нарасціць чысты прыбытак да 10 млн рублёў, у 2022 годзе — да 25 млн рублёў, у 2023 годзе — да 40 млн рублёў.
“Дарагія” аблігацыі на $100 млн
З 18 верасня на Беларускай валютна-фондавай біржы дапушчаны да абарачэння аблігацыі БелАЗа на $100 млн. Размяшчэнне праводзіцца шляхам закрытага продажу чатыром банкам: "Беларусбанк", "Белаграпрамбанк", "БПС-Ашчадбанк" і "Белзнешэканомбанк".
У праспекце эмісіі сказана, што БелАЗ прыцягвае сродкі для фінансавання бягучай і інвестыцыйнай дзейнасці, пагашэння крэдытаў, у тым ліку датэрміновага, а таксама для размяшчэння часова свабодных сродкаў у дэпазіт.
Кошт кожнай — 100 тысяч даляраў. Гэта значна больш, чым прапановы іншых кампаній. Напрыклад, аблігацыі Мінфіна, пушчаныя ў абарачэнне 2 верасня 2020 года, каштуюць па 1000 рублёў за штуку.
Высокі кошт на паперы БелАЗа можа тлумачыцца тым, што іх пакупнікамі будуць толькі банкі, а не фізічныя і юрыдычныя асобы, якія валодаюць меншымі сродкамі. Аблігацыі такога ж кошту БелАЗ выпускаў у 2014 і 2015 гадах.
Даходнасць па апошніх выпушчаных аблігацыях БелАЗа складае 7% гадавых на працягу ўсяго тэрміну звароту. Тэрмін звароту — тры гады. Як распавялі Еўрарадыё ў "АСБ-Брокер", такая стаўка ў валюце цяпер лічыцца высокай. Для прыкладу — Мінфін па сваім апошнім валютным выпуску прапануе 4,5 % гадавых.
Аблігацыі — таму што не крэдыт?
Для БелАЗа выпуск аблігацый можа быць альтэрнатывай крэдыту ў той час, калі многія банкі краіны прыпынілі крэдытаванне.
Даход па аблігацыях будзе выплачвацца штомесяц. Банкі будуць атрымліваць прыбытак, як і ў выпадку з выдадзеным крэдытам. Але ёсць нюанс: у адпаведнасці з Падатковым кодэксам (арт.181 п. 12 ), падатак на прыбытак, атрыманы ад аперацый з гэтымі аблігацыямі, не спаганяецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.