За год запазычанасць па заробках у Беларусі вырасла ў 15 разоў

Запазычанасць па заробках у Беларусі на 1 жніўня быццам бы зменшылася на 80 мільярдаў. Гэта, безумоўна, плюс. Але ў параўнанні з пачаткам года доўг па заробках працягвае біць рэкорды. Параўнайце: 22 мільярды ў пачатку года і 331 мільярд у жніўні!

У асноўным даўгі па заробках маюць сельскагаспадарчыя арганізацыі — іх 386, — а таксама арганізацыі прамысловасці і будаўніцтва.

Да прыкладу, у гаспадарцы "Залатая падкова" ў Глыбоцкім раёне сярэдні заробак — 3,7 мільёна. Зусім нядаўна тут выплацілі грошы за травень. На прадпрыемстве працуе 200 чалавек. У бухгалтаркі Наталлі цікавімся, ці не хоча нехта звольніцца праз такую сітуацыю. Але не! Тут усебеларускі дзэн і спакой.

“Народ спачатку абураўся, а потым прызвычаіўся, разумее сітуацыю, — спакойна кажа Наталля. — 30% заробку мы выплачваем натуральнай прадукцыяй, людзі атаварваюцца ў нашай фірмовай краме. З гэтым праблем няма, а па камунальных плацяжах і крэдытах-растэрміноўках у людзей, натуральна, праблемы”.

Цягам размовы высвятляем, што гаспадарка, якая сама вырабляе малако, бульбу, лён, займаецца жывёлагадоўляй, усюды і кругом вінная: за малако для цялят, за камбікорм, за насенне, за рамонт і абслугоўванне халадзільнікаў і тэхнікі…

“Зразумейце, калі літр малака каштуе 3000 рублёў, а дэталька для машыны ого-го, мы і будзем вінныя. Малако мы здаём па 3 тысячы, а прадаюць яго за 10 тысяч. Змяніць кошт здачы мы не можам”.

Сярод даўжнікоў і дрэваапрацоўчае прадпрыемства “Мазырлес”. Сярэдні заробак тут — каля 3,3 мільёна, грошы выплачваюць, але затрымкі пачаліся з лютага.

“У нас не толькі скардзяцца на нявыплату заробка, тэлефануюць на розныя гарачыя лініі, але і звальняюцца. Было 240 чалавек на 1 ліпеня, а на 1 жніўня працуе 202 чалавекі”, — распавядае Ніна Паўлаўна, галоўны бухгалтар прадпрыемства.

На прадпрыемстве тлумачаць: упала рэнтабельнасць, няма абаротных сродкаў, няма рэалізацыі прадукцыі і заробкаў, вось людзі і бягуць.

Заробак будзе падаць і далей. Каментар эканаміста

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што ў тым, што заробкі пачалі не толькі затрымліваць, але і зніжацца, нічога дзіўнага: краіна жыве не па сродках і праядае ўсё, што можна праесці.

“Краіна спажывае болей, чым вырабляе. Гэта можна было рабіць ці за нейкую прыватызацыю, ці за нарошчванне даўгоў, ці праяданнем рэзерваў. Вось у 2011 годзе мы актыўна “праядалі” “Белтрансгаз” — 5 мільярдаў за гэтае прадпрыемства дапамаглі на нейкі час атрымліваць заробкі, вызначыць нейкі эканамічны рост. Гэта прывяло да таго, што выраслі заробкі (у 1,45 разу да сярэдзіны 2014 года), а вытворчасць працы — толькі на 1,5-2%. І гэты правал пакрываецца за кошт знешніх пазык. Але сітуацыя з затрымкай заробкаў, іх зніжэннем будзе захоўвацца, бо прыток знешніх пазыковых сродкаў цяпер затармазіўся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі