Заходнія СМІ пра выбары ў Беларусі: У рэгіёны апазіцыя проста не даехала

Заходнія СМІ пра выбары ў Беларусі: У рэгіёны апазіцыя проста не даехала

Да выбараў прэзідэнта Беларусі застаецца менш за месяц, што пішуць пра прэзідэнцкую гонку заходнія СМІ?

Балтыйскія выданні

Літоўскія і латвійскія медыя, асабліва рускамоўныя, перыядычна асвятляюць ход прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі. Часта яны выкарыстоўваюць матэрыялы нашых СМІ, але сустракаецца ўласная аналітыка і інтэрв’ю.

Літоўскі партал DELFI падае інфармацыю пра даходы кіраўніка Беларусі, якія за пяць гадоў павялічыліся ў 1,5 раза, а таксама пра адмову некаторых апазіцыйных партый ўдзельнічаць у выбарах. Аналітык Лінас Каяла піша пра палітычны клімат у Беларусі:

“На жаль, прыкладзеныя за многія гады намаганні па аб’яднанні крытыкаў рэжыму і вылучэнні адзінага моцнага кандыдата сышлі на нішто. І на гэтых выбарах жаданне ўдзельнічаць выказалі тры антысістэмныя палітыкі — Таццяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін. Два апошнія, з’яўляючыся прадстаўнікамі буйных апазіцыйных сіл, нават не змаглі сабраць неабходную колькасць подпісаў і рэкамендуюць выбаршчыкам наогул не галасаваць”, — піша аналітык пра палітычныя рэаліі ў нашай краіне.

Польскія СМІ

Крыху больш шырока асвятляюць беларускую прэзідэнцкую гонку польскія медыя. У самых буйных палітычных СМІ распавядаюць пра вызваленне палітзняволеных, пра тое, што на пасаду кандыдата ў прэзідэнты былі зарэгістраваныя 4 чалавекі, пра затрыманне на мяжы Алеся Міхалевіча і пра акцыю Мікалая Статкевіча ў цэнтры Мінска.

Газета Rzezcpospolita ў адным са сваіх артыкулаў распавядае, што перад выбарамі “беларускі рэжым” становіцца больш лагодным. Але, паводле меркаванняў палітолагаў, такая сітуацыя пратрымаецца толькі да дня галасавання. У гэтым жа матэрыяле прыводзіцца меркаванне палалітолага Паўла Вусава, які думае, што “кандыдат Таццяна Караткевіч найбольш прыдатная асоба для ролі прадстаўніка сістэмнай апазіцыі, якую хоча стварыць Лукашэнка”.

Газета Wyborcza на сваіх старонках змяшчае меркаванне палітолага Аляксандра Класкоўскага пра тое, чаму ўзнік канфлікт паміж Караткевіч і апазіцыяй:

“Прычынай канфліктаў у апазіцыйным лагеры з’яўляюцца некалькі фактараў, сярод якіх ― барацьба за ўплыў і нарастаючы страх, што пасля выбараў Караткевіч і рух “Гавары праўду!” могуць стаць падмуркам для аб’яднання г.зв. гібрыднай апазіцыі, якая будзе выказвацца за больш лагодную палітыку Захаду ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і аднаўленне супрацоўніцтва з ім (і апазіцыі, і Захаду)”.

 

Заходнія СМІ пра выбары ў Беларусі: У рэгіёны апазіцыя проста не даехала

Медыя заходняй Еўропы

Астатнія еўрапейскія СМІ больш сціпла асвятляюць галоўную палітычную кампанію Беларусі. Большасць буйных брытанскіх, французскіх і іспанскіх выданняў узгадалі пра яе ў сувязі з вызваленнем палітычных зняволеных.

“Выбары набліжаюцца, і Лукашэнка цяпер мае шанец атрымаць ад Захаду больш-менш спрыяльную ацэнку за іх. Было ясна, што такое заставалася немагчымым пакуль палітычныя зняволеныя знаходзіліся за кратамі”, — піша the Guardian.

Больш матэрыялаў пра беларускую перадвыбарчую кампанію можна сустрэць у еўрапейскіх СМІ, арыентаваных на рускамоўную аўдыторыю. Напрыклад, Deutsche Welle ў сваім матэрыяле “Прэзідэнцкая кампанія ў рэгіёнах: асуджаныя жыць з Лукашэнкам” піша пра палітычны клімат, які пануе ў краіне перад выбарамі. У матэрыяле адзначаецца, што беларусы, асабліва на перыферыі, амаль не ведаюць кандыдатаў у прэзідэнты, якія “проста не даехалі туды”.

“Ніякіх магчымасцяў ацаніць [палітычныя] настроі не маюць ні ўлады, ні апазіцыя. Адказваючы на пытанні пра палітыку, жыхары глыбінкі сыходзяць ад прамога адказу, ці кажуць не тое, што думаюць — гэта, бадай, і ёсць адзіны індыкатар, які характарызуе атмасферу ў краіне”, — прыводзіць словы абласнога кіраўніка АГП Уладзіміра Шанцава нямецкае выданне.

Расійская служба ВВС сярод іншага асвятляла выпадак, калі прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Цярэшчанка быў шпіталізаваны пасля таго, як выпіў соку ў адной з мінскіх кавярняў.

Як бы заходнія выданні па-рознаму ні пісалі пра прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі, усе сыходзяцца ў меркаванні, што сенсацыі ад яе чакаць не варта.

Фота: independent.co.uk, soerenkern.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі