"Залаты мяч" атрымаў Лука Модрыч (фота, відэа)

"Залаты мяч" атрымаў Лука Модрыч (фота, відэа)

"Залаты мяч", узнагароду лепшаму футбалісту Еўропы 2018 года, атрымаў Лука Модрыч, паўабаронца мадрыдскага "Рэала" і зборнай Харватыі. У апошняе дзесяцігоддзе гэтая ўзнагарода даставалася альбо Ліянелю Месі ("Барселона", зборная Аргентыны), альбо Крышціяну Раналду ("Ювентус", зборная Партугаліі) — кожны ўзнагароджваўся па пяць разоў. Модрыч стаў першым паводле апытання выдання "France Football", ён набраў 753 ачкі. У Раналду — 476 балаў, у Антуана Грызмана ("Атлетыка", зборная Францыі) — 414.

Дагэтуль футбалісты з Харватыі не атрымлівалі "Залаты мяч", Модрыч — першы. Сёлета ён адзначыўся ў складзе "Рэала", які выйграў Лігу чэмпіёнаў, а таксама выдатна згуляў у складзе нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету (Харватыя ўзяла срэбра). У верасні Лука Модрыч быў прызнаны лепшым футбалістам свету па версіі FIFA.

Жаночы "Залаты мяч" атрымала Ада Хегерберг з "Ліёна". Найлепшым маладым футбалістам прызналі Кіліяна Мбапэ, нападаючага ПСЖ і зборнай Францыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі