Замест падаткавікоў спісамі "дармаедаў" зоймуцца мясцовыя органы ўлады
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава пракаментавала журналістам вынікі чацвярговай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Як павежамлялася раней, самым нечаканым вынікам нарады стаў мараторый на дзеянне дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
Перша за ўсё чыноўніца заявіла, што кожны чалавек павінен працаваць і ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных выдаткаў, каб выконваліся сацыяльныя гарантыі, якія ўзяла на сябе дзяржава.
Качанава зярнула ўвагу на пралікі ў гэтай сферы. "Перш за ўсё тут не спрацавалі кіраўнікі мясцовых органаў улады, якія павінны былі правесці выразную тлумачальную працу з людзьмі", — цытуе БЕЛТА яе словы.
Таксама няправільным яна назвала тое, што выкананне дэкрэта было ўскладзенае на падатковыя органы. Таму нярэдка паведамленні пра выплату "падатку на дармаедаў" прыходзілі тым, хто не павінен быў плаціць. Пасля аналізу сітуацыі ў рэгіёнах было вырашана, што гэтай працай зоймуцца мясцовыя органы ўлады.
Качанава паўтарыла тэзіс, сказаны Лукашэнкам на нарадзе: "Гэты дэкрэт — не фінансавы і не эканамічна дакумент, а сацыяльны. Людзі павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. І таму стаіць задача перш за ўсё вызначыць тых людзей, якія павінны і могуць працаваць".
Яна дадала, што катэгорыі тых, хто не можа працаваць і не павінен аплочваць гэты збор, ужо вызначаныя дэкрэтам. Але іх пералік плануецца пашырыць.
Па словах Качанавай, кіраўнікі гарадоў і раёнаў падтрымліваюць "дэкрэт аб дармаедстве". "Яны кажуць, што нарэшце даведаліся рэальную карціну, чым займаюцца людзі", — распавяла кіраўніца прэзідэнцкай Адміністрацыі. Разам з тым спроба ўвесці дэкрэт у дзеянне паказала, што ў Беларусі ёсць рэгіёны, дзе існуюць праблемы з працаўладкаваннем.