"Заяву напісаў не я": у Мінску судзяць мужчын, якія трапілі ў засаду АМАПа
У зале суда / Еўрарадыё
12 сакавіка ў Мінску пачаўся суд над 37-гадовым Кірылам Казеем і 34-гадовым Юрыем Сяргеем. Мужчын абвінавачваюць у "падрыхтоўцы да здзяйснення асабліва злоснага хуліганства" і "незаконным захоўванні боепрыпасаў".
Казей і Сяргей — тыя самыя мінчукі, якіх АМАП злавіў недалёка ад дома кіроўцы BMW, які незадоўга да таго збіў хлопца з БЧБ-сцягам проста на праезнай частцы ў Чыжоўцы.
Дзмітрый Давыдзюк — той самы кіроўца BMW, які праходзіць па справе пацярпелым, стаіць у баку ад дзясяткаў людзей, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Кірыла і Юрыя. Мы падышлі да яго пазнаёміцца.
“Калі вы думаеце, што я супрацоўнік міліцыі, то не, — распавядае Дзмітрый. — Быў звычайным рабочым, часова не працую. Я не прыхільнік таго, каб кагосьці пасадзілі. Я наогул хачу разабрацца ў гэтай сітуацыі, даведацца, адкуль растуць ногі. Я без паняцця, каго затрымалі. Зараз на судзе разбяромся. Вінаватыя яны ці не — я без паняцця".
На пытанне, навошта трэба было збіваць пешахода, Дзмітрый адказвае: "Гэта так жорстка толькі выглядае. Рукамі я біць не магу [паказвае, што ў яго няма фалангі аднаго з пальцаў. — Еўрарадыё], таму і біў нагой. Біў, таму што ён мне стаў пагражаць".
25 кастрычніка 34-гадовы Дзмітрый Давыдзюк выскачыў з машыны і напаў на мужчыну з БЧБ-сцягам. Відавочцы распавядалі, што той стаяў і махаў сцягам на раздзяляльнай паласе дарогі на вуліцы Убарэвіча. Са слоў кіроўцы, ён зачапіў хлопца люстэркам і вылез, каб разабрацца.
На відэа, знятым з аўтамабіля, які ехаў следам, Дзмітрый збівае чалавека, які ўпаў на асфальт. Калі ў бойку ўмешваецца мінак, ён садзіцца ў машыну і з'язджае.
Пазней Дзмітрый запісвае ролік, дзе выбачаецца за свой учынак. Ён клянецца, што гэта быў "дарожны канфлікт", які ніяк не звязаны з палітыкай. Але Кірыл Казей і Юрый Сяргей усё роўна вырашаюць пайсці да яго дома.
“Адна рэпліка — і ўсе будуць выдаленыя”
У залу суда пускаюць толькі блізкіх сваякоў падсудных і журналістаў. Канваіры просяць прысутных заняць месцы ў правай палове залы. Мы сядзім, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, а шэрагі насупраць клеткі, у якую прывялі абвінавачаных, застаюцца пустымі. За дзвярыма чакаюць тыя, каго ў залу суда не пусцілі.
"Такі службовы распарадак", — нервова тлумачаць журналістам.
Кірыл і Юрый усміхаюцца, спрабуючы падбадзёрыць блізкіх. Нас папярэджваюць, што перамігвацца і жэстыкуляваць у судзе забаронена.
"Я тут следства праводзіць не збіраюся. Адна рэпліка — і ўсе будуць выдаленыя!" — кажа суддзя Анжэла Касцюкевіч.
На момант затрымання Кірыл працаваў начальнікам аддзела камп'ютарнай фірмы, Юрый — галоўным спецыялістам у банку. У абодвух ёсць непаўналетнія дзеці. Абодва мужчыны не згодныя з абвінавачваннямі.
Абаронцы агучваюць шэраг хадайніцтваў, большасць з якіх суд адхіляе. Адвакаты зачытваюць, абвінавачаныя не пярэчаць, пацярпелы пакідае пытанне на разгляд суда, дзяржабвінаваўца пярэчыць, суддзя адхіляе. Напрыклад, так адбылося з хадайніцтвам адваката Кірыла Казея правесці дадатковую дактыласкапічную экспертызу (абаронца лічыць гэта неабходным, паколькі абвінавачаным ставяць у віну перавозку і захоўванне зброі). У прадастаўленні поўнага відэазапісу з моманту затрымання абароне таксама адмовілі.
Пакуль у судзе агучваюцца матэрыялы справы, за вокнамі хтосьці чысціць снег. З-за гэтага палова слоў выступоўцаў губляецца.
"Высокі суд! — звяртаецца канваір да суддзі. — За акном хтосьці стаіць у сіняй шапцы і махае”.
У судзе абвешчаны перапынак
“Я глядзела гэтыя відэа, і, вядома, так збіваць людзей нельга, — кажа Кацярына, жонка Кірыла Казея. — Але пра тое, што муж збіраецца ехаць па адрасе [Давыдзюка] з інтэрнэту, не ведала. Шчыра кажучы, не асабліва памятаю, каб мы абмяркоўвалі з ім гэтыя навіны. Увечары мы прывезлі дадому дзяцей пасля заняткаў, Кірыл паехаў на дзелавую сустрэчу. Калі ён не вярнуўся, я занепакоілася і стала абзвоньваць РУУС. У Заводскім мне сказалі, што ён там, але прычыну не растлумачылі”.
На наступны дзень супрацоўнікі камп'ютарнай фірмы, у якой працаваў Кірыл і на якую была зарэгістраваная яго машына, паведамілі Кацярыне, што іх выклікалі на агляд.
"Гэта здарылася днём, ключы ад машыны забралі ноччу. Пра тое, што адбывалася ўвесь гэты час, можна толькі здагадвацца. У той жа дзень па АНТ выйшаў сюжэт, дзе паказалі, што ў машыне знайшлі гранату, патроны і гэтак далей. Якая граната? Мы ў гэтай машыне возім дзяцей, і ў доме ніколі не было ніякай зброі. Муж гэтым наогул не цікавіўся — ні паляваннем, нічым", — абураецца Кацярына.
Жонка Юрыя камунікаваць з намі не стала.
Пацярпелы не пісаў заяў у міліцыю
Дзмітрый Давыдзюк падрабязна распавядае суду сваю гісторыю. Ён кажа, ехаў на машыне з цешчай, ад пешахода пахла алкаголем, гаворка была няскладная. Маўляў, той першы пачаў канфлікт, пагражаючы набіць яму твар.
Давыдзюк: 27 кастрычніка на розных парталах у інтэрнэце з'явілася відэа канфлікту ў абрэзаным выглядзе. Там не бачна пачатку канфлікту...
Суддзя: Проста факт прымянення гвалту?
Давыдзюк: ...каб выставіць мяне ў негатыўным святле. Далей інфармацыю з маімі асабістымі дадзенымі разам з відэа размясцілі ў інтэрнэце. Пайшлі каментары, тыпу я ябацька, лукашыст.... Яшчэ хтосьці ад майго імя распаўсюдзіў інфармацыю, нібыта я прадаю машыну. Было вельмі шмат званкоў аб продажы машыны. На наступны дзень хтосьці са знаёмых распавёў аб тым, што на нейкіім дзяржканале быў сюжэт, пра тое, што да мяне прыходзілі мсціўцы.
Суддзя: На момант 27-28 кастрычніка дзе быў прыпаркаваны ваш аўтамабіль?
Давыдзюк: Побач з працай, не па месцы жыхарства. Я дома не сядзеў, працаваў.
Суддзя: Вам паступалі якія-небудзь пагрозы аб пашкоджанні аўтамабіля?
Давыдзюк: Паступалі, у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах.
Суддзя: Якога плана?
Давыдзюк: Розныя. Знішчыць, спаліць аўтамабіль. З асабістых: "Я цябе заб'ю", "Я цябе застрэлю", "Я цябе закапаю". Іх было шмат.
Дзмітрый кажа, што пасля званкоў аб продажы аўтамабіля ён аддаў тэлефон жонцы. Аб пагрозах пацярпеламу распавёў яго знаёмы, але прозвішча і месца жыхарства хлопца Давыдзюк называць адмаўляецца: баіцца, што дадзеныя патрапяць у інтэрнэт. Скрын пагроз і негатыўных каментароў пад відэа на інтэрнэт-парталах ён не рабіў, бо не збіраўся звяртацца ў міліцыю. У гэтую гісторыю залез, таму што праз тыдзень пасля таго, што здарылася ў яго двары, хлопца выклікалі "апытаць" у Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта. Па яго словах, ніякіх заяў ён не пісаў.
Судовае пасяджэнне працягнецца 19 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.