Збіраць подпісы на выбарах прапануюць за “прынцыпы”, боршч і “кампенсацыю”

Гэтым разам вылучэнцы ў кандыдаты могуць цалкам законна плаціць сябрам сваіх ініцыятыўных груп за сабраныя подпісы. Аплата ідзе з выбарчага фонду кандыдата, які можа быць створаны ад моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Цэнтрвыбаркамам. Хоць сёння.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька катэгарычна заяўляе: прынцыповая пазіцыя — не плаціць зборшчыкам подпісаў.

“У нас усё ж такі валанцёрская група — мы людзей не цягнулі. І мы людзям не паказвалі рубель, — разважліва спрабуе даводзіць мне Анатоль Лябедзька. — Мы ведаем, як сабраць 100 тысяч подпісаў, калі ў цябе ёсць рэсурс і ты плаціш людзям. А вось праца без грошай — гэта новы досвед, і я не ведаю, як ён спрацуе”.

                            Анатоль Лябедзька

Не збіраюцца плаціць людзям за іх працу і былыя камуністы з партыі левых “Справядлівы свет”. Больш за тое, лідар партыі і прэтэндэнт ў прэзідэнты Сяргей Калякін упэўнены: гэта людзі павінныя выдаткоўваць грошы на яго выбарчую кампанію, а не ён плаціць ім за дапамогу.

“Сацыялогія паказвае, што ў нас больш за 5 мільёнаў чалавек, якія хочуць перамен. І яны самі павінныя нешта ўкласці ў гэтую працу па пераменах. Таму прынцыповая пазіцыя — нікому мы плаціць не будзем! — нават абураецца такой пастаноўцы пытання Сяргей Калякін. — Будзем звяртацца да людзей, каб яны фінансавалі выбарчую кампанію нашу”.

  Сяргей Калякін і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Валерый Ухналёў

Не збіраюцца плаціць за сабраныя подпісы і сябрам ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч. Але карміць і кампенсаваць нейкія выдаткі ім усё ж будуць, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы Таццяны Андрэй Дзмітрыеў, разліваючы журналістам наварысты боршч перад падачай на рэгістрацыю ў ЦВК спісаў ініцыятыўнай групы.

Андрэй Дзмітрыеў: “Калі ў нас будзе магчымасць кампенсаваць чалавеку выдаткі на тое, каб набыць сабе паесці, бо гэта сапраўды цяжкая праца, трэба некуды ісці, ці кампенсаваць ім праезд па горадзе альбо за горад, то мы будзем спрабаваць гэта рабіць”.

                                     Андрэй Дзмітрыеў

Дарэчы, боршч для журналістаў гатавала, па яе словах, сама прэтэндэнт у прэзідэнты Таццяна Караткевіч. Яна абяцае “кашаварыць” і падчас збору подпісаў: “Можа, не боршч буду сябрам ініцыятыўнай групы гатаваць, а халаднік — лета, такая страва будзе да месца”.

                        Таццяна Караткевіч

Такі ж падыход — кампенсаваць транспартныя выдаткі і выдаткоўваць на харчаванне — у імавернага кандыдата Віктара Цярэшчанкі.

Не, ну што з гэтай “пятай калоны” возьмеш! І я тэлефаную ў ініцыятыўную групу дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Збіраць за яго подпісы будзе ажно 10,5 тысяч чалавек.

“Я трэці раз у складзе ініцыятыўнай групы і ніколі за гэта ні капейкі не атрымліваў! — шчыра распавядае намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Сяргей Пігараў.Гэта наша ўнутранае перакананне — мы аб’яднаныя ў арганізацыю “Белая Русь", гэта прыхільнікі нашага прэзідэнта. Неяк пра грошы ў нас не прынята было. А тым больш ацэньваць сваю працу ў нейкіх купюрах...”

Намеснік старшыні “Белай Русі” ўпэўнівае, што калі б яму нават прапанавалі грошы за працу па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, то ён бы адмовіўся: “Бо тады ўсё пераводзіцца на камерцыйныя рэйкі, і ад нашай перакананасці, ад нашых прынцыпаў нічога не застаецца”. А паабедаць можна і за свае — каб прынцыпы цалейшымі былі.

А вось у штабах лідара АДПБ Сяргея Гайдукевіча і “казацкага атамана”, лідара “Беларускай патрыятычнай партыі” Мікалая Улаховіча шчыра прызнаюцца — плаціць людзям будуць. Праўда, не ўдакладняюць, колькі.

“Сістэма заахвочвання прадугледжаная, у любым выпадку задарма працаваць людзі не будуць. Але лічбы дакладныя назавём крыху пазней”, — абяцае намеснік лідара партыі Алег Гайдукевіч.

                                 Сяргей Гайдукевіч

“У нас жа рынак!разводзіць рукамі Мікалай Улаховіч. — А тут чалавек аддае свой час гэтай працы. Вось вы бачылі, якія ў нас цэны цяпер? Чалавеку ж трэба за нешта жыць, харчавацца. Праўда, якая будзе аплата, пакуль сказаць не магу — яшчэ не займаліся гэтым пытаннем”.

                        Мікалай Улаховіч

Нагадаю, ужо зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, лідараў ЛДПБ, “Справядлівага свету” і АГП Сяргея Гайдукевіча, Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзкі. Таксама рэгістрацыю ў ЦВК прайшлі групы вылучэнкі ад “Народнага рэферэндуму” Таццяны Караткевіч, эканаміста Віктара Цярэшчанкі, казацкага атамана Мікалая Улаховіча і беспрацоўнай Жанны Раманоўскай.

Фота: ByMedia.net, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі