"Здзекам не бачна канца" — Паліну Шарэнда перавялі ў ІЧУ Рэчыцы

Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda

Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda

Родныя знайшлі Паліну Шарэнда-Панасюк у ІЧУ горада Рэчыцы (гэта ў Гомельскай вобласці). Яе перавялі ў Рэчыцу для правядзення загадкавых "следчых дзеянняў", піша ў сацсетках муж Паліны Андрэй Шарэнда. Ён мяркуе, што "новая крымінальная справа супраць Паліны нарэшце скончаная, і Паліну будуць спрабаваць з ёй азнаёміць". Пасля гэтага Паліну, імаверна, этапуюць у Гомельскае СІЗА №3, дзе яна будзе знаходзіцца да суда.

У Рэчыцкім ІЧУ родным палітзняволенай паведамілі, што Паліна знаходзіцца на "спецыяльным рэжыме". Гэта значыць, што перадачы і пасылкі ёй забароненыя. "Здзекам над Палінай не бачна канца", — адзначыў Андрэй Шарэнда. Напярэдадні Андрэй пісаў, што Паліна знікла з Гомельскага СІЗА. Паводле яго звестак, яе вывезлі яшчэ 21 жніўня.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста, яе затрымалі ў студзені 2021 года, абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК і прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі. Вясной 2022 года яе судзілі зноў — гэтым разам за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Дадалі яшчэ адзін год зняволення. Потым судзілі паводле гэтага ж артыкула паўторна. Са слоў Андрэя Шарэнды, Паліна ў знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі адмаўляецца ад беларускага грамадзянства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі