Жана Грынюк: Рэйтынг бізнэсоўцаў зроблены крыва

Аўдыёверсію гутаркі з Жанай Грынюк, дырэктаркай Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SАТІО, можна паслухаць тут 120213 GrynyukS.mp3

Еўрарадыё: У рэйтынгу няма звестак пра кошт бізнэсу. На вашу думку, пра якія сумы можа весціся гаворка? 

Жанна Грынюк: Гэта якраз мае дачыненне да пытання, чаму прысвечаны рэйтынг і што ўкладаецца ў паняцце “паспяховы ды ўплывовы бізнэсмэн”. Таму калі вы пытаецеся, што колькі каштуе, то ўзнікае пытанне, а што менавіта: колькі каштуе кампанія або колькі каштуюць прыватныя капіталы гэтых людзей? Колькі капіталу яны сабралі – гэтае пытанне дастаткова істотнае.  Напрыклад, спадар Касцючэнка, якога я вельмі паважаю, не з’яўляецца ўласнікам “Приорбанка”. Каб ацэньваць дадзены рэйтынг з пункту гледжання эксперта, мне трэба бачыць методыку гэтага рэйтынгу. На якой падставе вылучаліся гэтыя 200 паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў.

Еўрарадыё: “Ежедневник” піша, што ўлічваў 2 крытэрыі. Першы –  паспяховасць. Паспяховасць – гэта аб’ём капіталу. Цытуючы “Ежедневнік” – здольнасць захоўваць яго і галоўнае, пабольшваць ва ўмовах разнастайных выклікаў, што ставіць перад тым або іншым бізнэсмэнамі навакольнае асяроддзе. А другі – гэта ўзровень уплывовасці таго ці іншага бізнэсмэна, які дазволіў паспяхова вырашыць першую задачу.

Жанна Грынюк: Вы мяне, вядома ж, прабачце, але гэтыя крытэрыі не “аблічбаваныя”. Гэтыя крытэрыі –  абстрактныя, паводле іх нельга скласці рэйтынг. Дайце мне формулу разліку паспяховасці! Як вылічвалася здольнасць спадара (напрыклад) Машэнскага развіваць і захоўваць капітал? Як вылічвалася здольнасць пана Чыжа рабіць гэта? Таму рэйтынг, на маю думку, суб’ектыўны. У рэйтынгу не магчыма параўнаць паспяховасць і ўплывовасць (тады павінна быць адна форма – формула разліку паспяховасці і ўплывовасці). 

Еўрарадыё: Стваральнікі рэйтынга пішуць, што звестак пра памер актываў у адкрытым доступе ў Беларусі няма. Гэты рэйтынг суб’ектыўны, бо так яго зрабілі журналісты? Або, ўсё ж такі, гэта звязана з тым, што ў іх няма доступу, каб зрабіць рэйтынг больш аб’ектыўным. 

Жанна Грынюк: Безумоўна, гэта звязана з тым, што няма доступу. Таму любыя рэйтынгі ў такім выпадку будуць максімальна суб’ектыўнымі.  Калі вы хочаце, каб ваш рэйтынг успрымалі як сур’ёзны і аўтарытэтны, то вы павінны прынамсі назваць крыніцы, пэўныя лічбы, метадалогію. Метадалогіі тут няма. Тут ёсць толькі нейкі добры намер. І ўсё. 

Еўрарадыё: Сёлета спіс быў пабольшаны да 200 асобаў. Паводле “Ежедневника”, гэта адлюстроўвае сітуацыю ў эканоміцы. Ці праўда, што бізнесоўцы, нягледзячы на крызіс, зарабляюць у нас добра?

Жанна Грынюк: Калі ў перыяд крызісу бізнес актывізаваўся, то гэта не значыць што бізнэсоўцы сталі больш зарабляць. У перыяд крызісу ім давялося больш працаваць, і іх праца паўплывала на ўзмацненне бізнэсу, на ўзмацненне сістэм менеджменту, маркетынгу. У гэтым сэнсе спіс бізнесменаў мог пашырыцца, а не таму, што яны сталі больш зарабляць у перыяд крызісу. Настолькі шмат неадэкватных тлумачэнняў рэйтынгу. І гэта не бяда тых, хто тлумачыць рэйтынг, а тых, хто яго складаў. На маю думку – гэта фальстарт. Каб гэты рэйтынг набыў нейкі аўтарытэт і павагу – яго трэба перарабляць. У любым выпадку, ставіць у адзін шэраг бізнесменаў-уласнікаў з наёмнымі менеджарамі, якія не валодаюць кампаніямі – гэта, па крайняй меры, праблематычна. Давайце разбярэмся тады з тэрмінам, хто такі бізнесмен і чым ён адрозніваецца ад наёмнага менеджара. 

Еўрарадыё: У спісе мы налічылі толькі чатырох жанчын. Чаму так мала?

Жанна Грынюк: Гэта звязана з усёй сістэмай бізнесу. Ва ўсім свеце жанчыны ў такіх рэйтынгах маюць малую долю. Трэба адзначыць, што ў нашай краіне, як і ўсё, што звязана з прыняццем рашэнняў, кіраваннем – гэта, усё ж такі, больш мужчынская справа. Не таму, што туды жанчын не пускаюць, а таму што ў аўтарытарных сістэмах існуе пэўная дыспрапорцыя ў мужчынскі бок. Гэта першая азнака негуманістычнасці грамадства.

Еўрарадыё: Спіс вельмі спецыфічны ў параўнанні з сусветным: другое месца займае дырэктар кампаніі, якая выпускае газіроўку, трэцяе – дырэктар рыбзавода. Гэта таму, што ён зроблены крыху “крыва”?.. 

Жанна Грынюк: Ён зроблены абсалютна “крыва”. Кожны эксперт-сацыёлаг і  эканаміст пацвердзіць мае словы. Тут зробленыя важныя памылкі. Шкада, што ў гэты спіс трапілі вядомыя асобы. Я спачуваю ім, што іх прозвішчамі маніпулююць. Я б на іх месцы прыняла меры.

Еўрарадыё: Ці матывуюць такія спісы бізнесоўцаў?

Жанна Грынюк: Хутчэй, не, чым так. Бо для кожнага бізнесоўцы важны аўтарытэт таго рэйтынгу, у які ён трапіў. Лепш быць апошнім у нармальным рэйтынгу, чым першым у нейкім нашым мясцовым, які будуць крытыкаваць эксперты. Сама задума –  цудоўная, але ажыццяўленне – не вельмі.

Еўрарадыё: Давайце гэтыя хібы абагульнім… Па-першае, яны не называюць крыніцы звестак…

Жанна Грынюк: У іх гэтых звестак проста няма. Можна, я дазволю сабе так нахабна заявіць? Калі яны захочуць аспрэчыць мае словы – няхай давядуць адваротнае. Па-першае: няма звестак і мы не ведаем крыніцы гэтых звестак. Гэта вельмі істотна. Таму рэйтынг не выклікае даверу. І другая вельмі істотная акалічнасць – методыка разліку, метадалогія для любога чытача, які ўспрымае інфармацыю, не відавочная. Яе няма. Рэйтынг – гэта максімальна аблічбаваны спісак асобаў, паводле спадаючай нейкіх фактараў. Калі б яны паказалі проста топ дзесяць найбольш уплывовых, без рэйтынгу – то я магла б пагадзіцца, што тут не патрэбныя паказальнікі. Але калі яны прысвойваюць рэйтынгі, то для гэтага патрэбная метадалогія.

Нагадаем, што сёння інтэрнэт-выданне "Ежедневник" апублікавала рэйтынг 200 самых паспяховых бізнесменаў Беларусі.

Фота: Аляксандр Ждановіч, budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі