Жыццё стала горшым, а за "выратаванне" эканомікі ўладамі беларусы заплацяць яшчэ
Больш грошай у беларусаў у найбліжэйшы час наўрад ці стане / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пакуль курс долара ўпаў, самы час схадзіць у абменнік, лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук. Бо заробкі беларусаў не паспяваюць даганяць цэны, а Нацбанк ужо расказаў пра тое, што дзяржпрадпрыемствы падтрымліваюць крэдытамі.
Еўрарадыё даведалася, як вайна і санкцыі паўплывалі на жыццё беларусаў, каму перажываць крызіс цяжэй і як беларусы зноў заплацяць за "эфектыўны менеджмент" уладаў.
"На звычайную закупку трэба патраціць ужо не 50, а 70 рублёў"
У сакавіку рэальныя заробкі беларусаў упалі на 3,4%, паведамляе Белстат. А па красавіцкіх звестках апытанняў BEROC (Кіеў), 20% рэспандэнтаў эканомяць на ежы. Пры гэтым не ўсім аднолькава цяжка, адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.
— У кагосьці даходы выраслі, а ў кагосьці істотна ўпалі. Калі паглядзець на статыстыку сакавіка, то ў нафтаперапрацоўцы рэальнае падзенне ўжо большае за 10 адсоткаў.
Заўважаюць падзенне даходаў звычайна праз рост цэн. Бо намінальна заробкі ў асноўным не падаюць ці нават растуць.
— Але ты проста прыходзіш у краму і разумееш, што на звыклыя 50 рублёў цяпер можаш купіць значна менш. І на звычайную закупку трэба патраціць ужо не 50, а 70 рублёў.
На думку Яраслава Раманчука, звесткам Белстата зусім не варта верыць. Пасля вайны ўсё нашмат горш, чым адлюстроўвае статорган, упэўнены эксперт.
Па сектарах горш прыватнаму, паколькі дзяржава падтрымлівае сваіх. Праз дзяржпадтрымку ўзлёту беспрацоўя не відаць.
На адных запасах дзяржпрадпрыемствы ўсё ж жыць не могуць. Нацбанк расказаў, што крэдыты кампаніям выдаюцца. Наколькі гэта эфектыўна, можна меркаваць па досведзе мінулых гадоў. Часта гэта безвыніковыя ўліванні, за якія беларусы заплацяць інфляцыяй і дэвальвацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.