Жыхар Оршы хацеў узарваць газ у сваёй кватэры
Жыхар Оршы хацеў узарваць газ у сваёй кватэры. 19 студзеня ўдзень ён патэлефанаваў у МНС і паведаміў дыспетчару пра свой намер: мужчына сказаў, што ўжо адкрыў газавыя краны ў кватэры ў дзевяціпавярховіку па праспекце Тэкстыльшчыкаў, паведамляе Віцебскае абласное ўпраўленне МНС.
Дыспетчар звязаўся з міліцыяй. У Аршанскім РАУС яму сказалі, што нарад міліцыі ўжо выехаў на месца здарэння, але не можа трапіць у кватэры: гаспадар не адчыняе дзверы. Тут мужчына зноў патэлефанаваў на лінію 101 і дыспетчар здолеў пераканаць яго адчыніць праваахоўнікам.
Міліцыя трапіла ў кватэру, затрымала гаспадара і перакрыла газавыя краны. Пазней спецыялісты “Оршагазу” склалі пратакол аб загазаванасці памяшкання.
Пра магчымыя санкцыі ў дачыненні мужчыны нічога не паведамляецца.