“Жывы Тузін” памірае?

“Я б паставіў шматкроп’е, бо шмат чаго трэба ўзважыць і ў дачыненні да “Жывога”, і ў дачыненні да галоўнага [сайт “Тузін.FM”. — Еўрарадыё] праекта, — з сумам распавядае Еўрарадыё стваральнік “Жывога Тузіна”, журналіст Сяргей Будкін. — Па шчырасці, я ўжо доўгі час не адчуваю ніякага водгуку. Усё робіцца выключна на энтузіязме, але робіцца, па сутнасці, у нікуды. У мяне складаецца ўражанне, што слухачы не тое, што не ведаюць беларускай музыкі, але і ведаць не хочуць”.

Re1ikt і “Голая манашка”. ili-ili і BosaeSonca. Паліна Рэспубліка і Akute. Людзі на балоце” і Pomidor/OFF. HandmadE і Павал Кузіч. Аляксандра і Канстанцін. Каляды з Алегам Хаменка. Martin S. i IQ48… Гледачоў на гэтых канцэртах было да крыўднага мала. Новае гучанне брэсцкага гурта Sciana і дэбютная праграма мінчукоў Tonqixod — апошняе, што прэзентавана ў другім сезоне праекту “Жывы Тузін”. І ўсё.

Крытык Максім Жбанкоў тлумачыць нізкую актыўнасць публікі стэрэатыпам пра якасць беларускай музыкі, на які андэграўндныя артысты працавалі апошнія 20 гадоў:

“Да якой беларускай музыкі прызвычаіўся масавы слухач? Гэта нешта выкананае на брудных гітарах, часам, вельмі неахайна, крайне патрыятычна і абавязкова са “змагарскім” падтэкстам ці з вясельна-рэстарацыйным угарам, — разважае спадар Жбанкоў. — Новым артыстам, якія задаюць іншыя планкі якасці, якія гатовыя прапанаваць іншыя формулы музычнага мыслення, з такой публікай вельмі складана дамовіцца. А новая публіка: прасунутыя, модныя, заможныя людзі — часцей за ўсё, з гэтай краіны з’язджаюць”.

Плюс — недахоп спонсарскіх і мецэнацкіх грошай. Пакуль у грамадстве ёсць надуманае ўяўленне пра еднасць музычнай і палітычнай альтэрнатывы, існуюць і пэўныя перашкоды ў заканадаўстве. Таму, на думку Максіма Жбанкова, такія праекты як “Жывы Тузін” і не могуць сёння быць нічым іншым, як падзвіжніцтвам. А значыць — эмацыйна і грашова затратнай дзейнасцю.

Кожны канцэрт “Жывога Тузіна” планавалася рабіць з нейкай падзеяй, каб ён не быў шараговым, а меў пэўную знакавасць. І ўжо першы сезон, які праходзіў з аглядкай на MTV Unplugged, толькі з іншым бюджэтам, цалкам гэта апраўдаў.

“У нас прайшло 12 канцэртаў, — пералічвае Еўрарадыё дасягненні “Тузін. UnpluggedСяргей Будкін. — На малой сцэне з акустыкай выступілі J:Mopc. Падрыхтавалі акустыку ZM99, Znich. Шырокай публіцы адкрылася Паліна Рэспубліка, паказалі іншы фармат BosaeSonca. З’явіўся HandmadE. На праекце нарадзіліся “Людзі на балоце”, бо прыехалі яны на канцэрт, як акустычны “Кальян”, а з’язджалі ўжо як новы праект “Людзі на балоце””.

Напярэдадні другога сезона Сяргей прызнаўся Еўрарадыё, што ўсе запланаваныя гурты, апроч “Ляпісаў”, на “Жывым Тузіне” ўжо выступілі. А значыць, наспявае час запрашаць замежнікаў.

Але да гэтага не дайшло. Не ў апошні час праз недахоп сродкаў. Але і таму, што ў гэты ж момант рыхтаваліся новыя цікавыя праекты ад гуртоў BosaeSonca, HandmadE, “Людзі на балоце”. Было вырашана ўсё ж працягваць працу з беларусамі.

“Мы вырашылі запрашаць два гурты на канцэрт. Адзін менш вядомы, другі — больш, — працягвае Сяргей Будкін. — І часам так бывала, што больш сталыя музыкі пагаджаліся граць на разагрэве ў маладых. Напрыклад, Pomidor/OFF, так бы мовіць, разагравалі нікому невядомы ў Мінску праект “Людзі на балоце”. Было вельмі прыемна!”

Нягледзячы на даволі песімістычны настрой, Сяргей Будкін задаволены тым, што было зроблена ў межах “Жывога Тузіна”. А ці будзе яму працяг, паабяцаў распавесці пасля адпачынку і развагаў — дзе-небудзь пры канцы жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі