ЗША вядуць перамовы з Мінскам аб прыездзе ў Беларусь амбасадара Джулі Фішэр
Джордж Кент / Reuters
ЗША вядуць перамовы з беларускімі ўладамі аб прыездзе ў Мінск прызначанага пасла Джулі Фішэр, распавёў у інтэрв'ю "Радыё Свабода" намеснік памочніка сакратара Бюро па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Дзярждэпартамента ЗША Джордж Кент.
Ён нагадаў, што ў пачатку года Джулі Фішэр здзейсніла паездку ў Еўропу, наведала Вільню, Варшаву і Стакгольм, дзе абмяркоўвала, у тым ліку, і беларускую тэму.
"Мы прапрацоўваем шматступенны працэс з мэтай дамагчыся, каб прызначаная амбасадар Фішэр прыехала ў Мінск як мага хутчэй і прыступіла да выканання сваіх абавязкаў у Беларусі", — сказаў Кент.
Цяпер, паводле яго слоў, гэты працэс абмяркоўваецца з беларускім урадам. Джордж Кент таксама адзначыў, што Фішэр можа прыбыць у Мінск незалежна ад таго, што Беларусь пазбавілася свайго прызначанага амбасадара ў ЗША. У канцы мінулага года раптоўна памёр Алег Краўчанка, які павінен быў узначаліць дыпмісію ў ЗША.
У Вашынгтоне гэтую навіну ўспрынялі са шкадаваннем: "Гэта стала трагедыяй як для яго сям'і, так і для Беларусі і нашых адносін", адзначыў Кент, і дадаў, што "мы таксама лічым, што можна рухацца наперад з пытаннем прыбыцця ў Мінск пасла незалежнага ад гэтага".
Нагадаем, раней кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы еўрапейскую паездку Фішэр, заявіў, што ў Мінску хацелі б бачыць амерыканскага амбасадара. Пры гэтым ён адзначыў, што калі ў Джулі Фішэр "ёсць нейкія прадузятасці, звязаныя з уручэннем даверчых грамат, то трэба падумаць яшчэ".
Пра санкцыі і палітыку Байдэна ў дачыненні да Беларусі
Кента спыталі таксама аб фармаце беларуска-амерыканскіх адносін з улікам падзей, які ў апошнія паўгода адбываліся ў Беларусі.
Ён нагадаў, што ўведзеныя ў 2006 годзе санцыі ў дачыненні да Мінска былі прыпыненыя ў 2015 годзе ў сувязі з паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека. З 2015-га па 2020-ы ў Беларусі не было палітвязняў. У мінулым годзе яны зноў з'явіліся.
"Пазіцыя ЗША адназначная: палітычных зняволеных быць не павінна, і Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязняў", — адзначыў Кент.
Ён таксама сказаў, што глабальнай змены палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з прыходам новай адміністрацыі ў Белы дом чакаць не варта.
"Два асноўныя напрамкі нашай палітыкі — падтрымка незалежнай, суверэннай Беларусі, а таксама падтрымка правоў чалавека ... права грамадства выбіраць сваіх лідараў шляхам свабодных і сумленных выбараў — гэта прынцыпы, якія былі прынятыя як папярэдняй адміністрацыяй, так і цяперашняй адміністрацыяй Байдэна", — падкрэсліў Кент.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.